Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька пра збор подпісаў за адстаўку Лукашэнкі: Мы хочам сабраць людзей пад свае сьцягі


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Аб’яднаная грамадзянская партыя распачала збор подпісаў за адстаўку кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі.

У адмысловай заяве АГП адзначае, што ўлада прадэманстравала сваю поўную бездапаможнасьць і страціла ўсялякае маральнае права кіраваць краінай, бо ў трэці раз за пяць гадоў дапусьціла ўзьнікненьне валютна-фінансавага крызісу.

«Мы ўпэўненыя, што ніякія дэкаратыўныя меры не дапамогуць, час называць рэчы сваімі імёнамі. Краіна знаходзіцца ў глыбокім і сталым крызісе, што дае народу права патрабаваць адстаўкі ня толькі ўраду і кіраўніцтва Нацбанку, але і Аляксандра Лукашэнкі, які нясе пэрсанальную адказнасьць за дзейнасьць выбудаванай ім уладнай вэртыкалі, якая цалкам пазбавіла народ права на іншае меркаваньне, адрознае ад афіцыйнага».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што «гэта здаровая рэакцыя нармальных людзей на фінансавы і эканамічны тупік, у які краіну завялі Аляксандар Лукашэнка і яго ўрад, Нацбанк, парлямэнт і ўсё ягонае атачэньне».

«За пяць гадоў — трэці шок без усялякай тэрапіі. За пяць гадоў — тры такія моцныя ўзрушэньні для людзей. Гэта разбой, гэта рабаўніцтва, гэта можна называць як заўгодна, але гэта ўсё, што зьвязана зь фінансавым самаадчуваньнем людзей, краіны, прадпрыемстваў. Мы на гэта рэагуем, гэта наша палітычная рэакцыя. Спачатку была заява. Наступны крок — гэта збор подпісаў, які мы пачалі праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.

А на пачатку наступнага году пойдзем да людзей. Будуць пададзеныя заяўкі на пікеты. І калі будзе дазвол (пакуль гэта малаверагодна), то мы падчас пікетаў будзем зьбіраць гэтыя подпісы ўжо ў жывую, праз камунікацыю зь людзьмі. Калі не дадуць дазвол — знойдзем мажлівасьці так ісьці да людзей і зьбіраць подпісы».

Карэспандэнт: «А якая мэта гэтага збору? Куды вы плянуеце перадаць гэтыя подпісы?»

Лябедзька: «Наша задача ў 2015 годзе — папрацаваць, каб істотна павялічыць колькасьць удзельнікаў палітычнага працэсу. Якім чынам ідэнтыфікаваць людзей, якія пакуль не ў палітычных партыях ці грамадзкіх аб’яднаньнях, але якіх не задавальняе сытуацыя. Вось праз збор подпісаў мы робім такую ідэнтыфікацыю. Мы будзем імкнуцца сабраць гэтых людзей пад свае сьцягі, свае мэты і задачы, прапанаваць усім супольную працу, супольны плян дзеяньняў. Гэта задача, якая стаіць перад намі. І гэта такі грамадзянскі ўчынак — калі чалавек ставіць свой подпіс, называе сваё прозьвішча. Ва ўмовах страху і фінансава-эканамічнай залежнасьці большасьці людзей ад улады — гэта мае сэнс рабіць».

Карэспандэнт: «А куды вы перадасьцё гэтыя подпісы?»

Лябедзька: «Такая мэта — каб абавязкова перадаць гэта Лукашэнку ці ва ўрад — можа быць. Але для нас гэта — дзясятая задача. Для нас галоўнае цяпер — падняць хвалю актыўнасьці, каб людзі самаарганізоўваліся, вызначаліся ў сваім палітычным і грамадзянскім выбары. Вось гэта галоўнае».

Карэспандэнт: «То бок, вы ня ставіце мэту сабраць мільён ці сто тысяч подпісаў?»

Лябедзька: «Мы ня будзем займацца жангліраваньнем лічбамі. Чым больш — тым лепей. Але калі людзі даюць свае дадзеныя — яны даюць нейкую згоду на супрацу. Я падкрэсьліваю: той колькасьці людзей, якую сёньня аб’ядноўваюць палітычная апазыцыя, партыі і грамадзкія арганізацыі — гэтага недастаткова, гэтага яўна мала. А людзей, якія хочуць пераменаў, значна больш. І нам трэба шукаць формы наладжваньня супрацы з гэтымі людзьмі».

22 сьнежня Аб’яднаная грамадзянская партыя выступіла з заявай, патрабуючы адстаўкі Лукашэнкі і яго ўраду. Яе тэкст лёг у аснову сумеснай заявы лідэраў беларускай апазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG