Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непадцэнзурная «Мёртвым не баліць» Васіля Быкава — найлепшая кніга году

абноўлена

Дзясятка найлепшых, на думку нашых экспэртаў, літаратурна-мастацкіх кніг, выдадзеных у 2014 годзе.

Папялушка? Шляхцянка? Каралеўна? Кім пачувалася беларуская кніга ў 2014-м? Якімі зьявамі, тэндэнцыямі, падзеямі быў напоўнены літаратурны працэс? Якія выданьні году сталі самымі папулярнымі?

Пра гэта ў нашай менскай студыі разважае празаік, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і галоўны рэдактар незалежнага часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч.

— Давайце пачнём зь лічбаў. Сёлета на замову Саюзу беларускіх пісьменьнікаў лябараторыя «Новак» правяла сацыялягічнае дасьледаваньне пра цікавасьць беларускай публікі да беларускай літаратуры. Вынікі яго агаломшылі: за тры гады колькасьць людзей, якія чытаюць мастацкую літаратуру па-беларуску, скарацілася ўтрая. І цяпер толькі 5 адсоткаў жыхароў краіны сярод іншых выбіраюць кнігі на беларускай мове. У чым, па-вашаму, прычына такога падзеньня чытацкай увагі да беларускамоўнай кнігі?

— Калі казаць коратка, то, мне падаецца, асноўная прычына ў тым, што мы бачым, як за апошнія дваццаць гадоў зьнізілася колькасьць людзей, якія валодаюць беларускай мовай, зьнізілася колькасьць людзей, якія вывучаюць беларускую мову. Сёньня нашы патэнцыйныя чытачы і аўтары — гэта тыя, хто навучаецца ў школах, у вышэйшых установах. І калі там мова не выкладаецца па поўнай праграме, дык адкуль жа будуць брацца новыя чытачы, новыя людзі, зацікаўленыя ў беларускай кнізе.

— Падае ўзровень валоданьня беларускай мовай — падае цікавасьць да беларускамоўнай кнігі. Так?

— Я думаю, што гэта зьвязана наўпрост. Гэта прапарцыянальна зьвязана. І ні для каго не сакрэт, што як бы там ні казалі, што мы займаемся нейкім ныцьцём па мове, што плачам па мове, але калі мову не вывучаюць, калі літаратуру ў школах не вывучаюць па поўнай праграме, калі не закладваецца цікавасьць да мовы і літаратуры ў школе — дык адкуль жа яшчэ мы будзем чэрпаць нашых прыхільнікаў.

— Вы даслалі свае прапановы па зьмене сытуацыі ва ўладныя структуры. Нагадайце, калі ласка, коратка сутнасьць гэтых прапаноў, і якую рэакцыю на іх Вы атрымалі ад высокапастаўленых чыноўнікаў.

— Гэтыя прапановы былі падзеленыя адпаведна на тры міністэрствы. Прапановы да Міністэрства адукацыі тычыліся паляпшэньня выкладаньня беларускай мовы і літаратуры ў школах, павелічэньня колькасьці гадзінаў для выкладаньня беларускай мовы, зьмяненьня школьнай праграмы, стварэньня вышэйшай навучальнай установы, у якой усе прадметы цалкам выкладаліся б па-беларуску. Мы ня першы раз кажам, што ў Беларусі няма такой навучальнай установы, дзе ўсе прадметы выкладаліся б на мове тытульнай нацыі. Гэта, пэўна, адзіная краіна з амаль двухсот краінаў сьвету, дзе склалася такая сытуацыя.

Былі прапановы таксама Міністэрству інфармацыі па паляпшэньні рэклямы беларускамоўных кніг. Мы хацелі б, каб у кожнай газэце працавалі аддзелы, якія рэцэнзавалі б тыя кнігі, якія выходзяць, — так, як гэта робіцца ва ўсім сьвеце. Мы хацелі б, каб было больш праграм, прысьвечаных літаратуры, на радыё і тэлебачаньні, і каб у гэтыя праграмы і на інтэрвію для гэтых газэт запрашалі ўсіх аўтараў, незалежна ад таго, у якіх саюзах яны сёньня знаходзяцца. У адказ мы атрымалі толькі адзін ліст ад Міністэрства культуры, у якім нам падзякавалі за наш клопат пра беларускую культуру і літаратуру. І на гэтым — усё.

— І на гэтым — усё. А ў кастрычніку пісьменьнікаў, у ліку іншых творцаў, паклікаў да сябе кіраўнік краіны і даў магчымасьць некаторым, у тым ліку і Вам, выказацца пра балючыя праблемы нацыянальнай культуры. Нагадайце, калі ласка, Вашы прапановы Лукашэнку і ягоную рэакцыю на іх.

— Прапановы тычыліся таго самага набалелага. Я тады быў яшчэ пад уражаньнем ад вынікаў таго сацыялягічнага дасьледаваньня. Таму найперш я сказаў пра сытуацыю, якая склалася з чытаньнем беларускіх кніг, і выказаў прапанову, якім чынам можна палепшыць гэтую сытуацыю з боку дзяржавы. Гэта найперш справа дзяржавы, а ня толькі энтузіястаў, якім за гэта баліць душа. Была прапанова таксама і пра ўнівэрсытэт, у якім усе прадметы выкладаліся б па-беларуску. Таксама была размова пра тое, што варта было б нам папулярызаваць беларускую літаратуру ня толькі ў межах краіны, але і за межамі: стварыць нейкую структуру кшталту Інстытуту Польскага ці Швэдзкага Інстытуту, ці Інстытуту Гётэ. Любая краіна, якая сябе паважае, мае такія структуры, якія папулярызуюць сваю мову за межамі краіны, папулярызуюць сваю культуру і літаратуру.

На гэтыя і іншыя прапановы фактычна ніякага адказу не было. Але, па-першае, вельмі мала часу прайшло, і для таго, каб зрабіць нешта па стварэньні таго ж унівэрсытэту ці нейкага інстытуту кшталту Інстытуту Гётэ, на гэта трэба час, і нашы чыноўнікі так хутка не раскручваюцца. Але былі іншыя прапановы, якія прагучалі з вуснаў старшыні ПЭН-цэнтру Андрэя Хадановіча, яны тычыліся выдавецтва Логвінава. Вось там нашы чыноўнікі вельмі хутка павярнуліся тварам. Была праведзеная праверка кнігарні «Логвінаў», і ў выніку гэтай праверкі прынятае рашэньне зачыніць кнігарню ўвогуле. Калі гэта можна назваць вынікам нашай сустрэчы з прэзыдэнтам, то вось такі мы маем вынік на сёньня.

— Разьлік на тое, што вы будзеце пачутыя на гэтай сустрэчы, напэўна, быў наіўны?

— Не, я ўсё-ткі спадзяюся. Я хацеў бы верыць да апошняга — верыць, што наша дзяржава павернецца да беларускай мовы, што ўсё ж беларуская мова, літаратура і культура вернуцца ў школы, што будуць яны вывучацца на роўных, скажам, хоць бы з ангельскай мовай. Таму што на апошнім зьезьдзе ТМБ прагучала інфармацыя, што недзе ў Кобрынскім раёне санэпідэмстанцыя забараніла вывучэньне беларускай і ангельскай мовы ў адзін дзень на той падставе, што дзьве замежныя ня могуць вывучацца ў адзін дзень па нейкіх санітарных нормах. Такім чынам беларуску мову прыраўнялі да замежнай. Гэта ўвогуле — абсурд. Я думаю, што за гэты абсурд мусіць быць сорамна нашым чыноўнікам, якія курыруюць адукацыю ў Беларусі.

— Чыноўнікам, выглядае, ня сорамна. І яны, па-ранейшаму, на гэта глядзяць вачыма вышэйшага начальства. Як начальства — так і чыноўнікі на месцах.

— На жаль.

— На просьбу нашага радыё дзесяць экспэртаў вызначалі найлепшую кнігу, выдадзеную сёлета. Агулам яны назвалі 45 літаратурна-мастацкіх выданьняў году. Выглядае, што гэта амаль усё, што выйшла з друку. Многа гэта ці мала для дзесяцімільённага народу?

— Гэта вельмі мала. Але мы кажам пра дзесяцімільённы народ, а самі памятаем, што сёньня ведаюць мову, пішуць на ёй і чытаюць на ёй ня ўсе дзесяць мільёнаў. І таму для той колькасьці, якая цікавіцца беларускай літаратурай, якая спрабуе свае сілы па-беларуску, па вялікім рахунку — гэта нямала. Да таго ж сорак пяць кніг — гэта нейкі адсотак ад тых, што выйшлі сёлета. Гэта тыя, якія заўважаныя экспэртамі.

Мне падаецца, што сёлетні год быў даволі актыўны і з боку аўтараў — выйшла нямала цікавых кніжак. Толькі ў нашай сэрыі «Кнігарня пісьменьніка» (у нас некалькі сэрый: «Кнігарня пісьменьніка», «Пункт адліку» і «Каляровы ровар») выйшла больш за дваццаць кніжак. У ліку іх — вельмі цікавыя кніжкі як старэйшых аўтараў, так і маладых. З тых, што выйшлі апошнім часам, гэта кніжкі Анатоля Кудраўца і Віктара Казько. Трошкі раней выйшлі кніжкі Паўла Севярынца, Сьвятланы Алексіевіч. Выдавалі мы таксама ў сэрыі «Пункт адліку» маладых аўтараў Антона Рудака і Касю Сянкевіч. Дарэчы, Кася жыве на Беласточчыне і піша па-беларуску. Важна таксама, што выйшлі кніжкі тых, каго няма сярод нас, тых, хто сёлета нас пакінуў. Гэта кнігі Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна. І гэта быў год Васіля Быкава, ягонае дзевяностагодзьдзе. Выйшлі дзьве ягоныя кнігі без цэнзуры, тыя, якія выдаваліся пры жыцьці падпсаванымі савецкай цэнзурай. Выйшаў таксама 10-ы том Збору твораў Васіля Ўладзімеравіча. У цэлым год быў вельмі плённы для беларускай літаратуры, нягледзячы на нашу сытуацыю.

— Менавіта таму, што кніг сапраўды выйшла шмат, мы вырашылі зрабіць два сьпісы найлепшых: асобна — літаратурна-мастацкія і асобна — навукова-папулярныя.

— Я лічу, што гэта вельмі правільна, і гэта трэба было зрабіць даўно. Таму што вельмі цяжка супернічаць кніжцы навукова-папулярнай, кніжцы, якую яшчэ мы называем кнігай нон-фікшн, з кнігай мастацкай. Мы ў сябе ў Саюзе пісьменьнікаў таксама падзяляем гэтыя кнігі, і звычайна, калі праводзім нашы апытаньні ці конкурсы, то робім падзел на кнігі нявыдуманай літаратуры і кнігі мастацкай літаратуры.

І збоку аўтараў нявыдуманай літаратуры былі крыўды, што для літаратараў, якія пішуць мастацкую прозу і паэзію, ёсьць розныя прэміі, ёсьць конкурсы, а для іх гэтага няма. Сёлета ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў зьявілася прэмія для літаратараў, якія працуюць у жанры нон-фікшн, — гэта прэмія імя Стагановіча. І недзе на пачатку наступнага году мы падвядзем першыя вынікі па прысуджэньні гэтай прэміі.

— А ў нас сёньня дзясятка найлепшых, на думку нашых экспэртаў, літаратурна-мастацкіх кніг, выдадзеных у 2014 годзе:

1.Васіль Быкаў. Мёртвым не баліць. Без цэнзуры. Медыял.

2.Васіль Быкаў. Ліквідацыя. Без цэнзуры. Медыял.

3.Рыгор Барадулін. У неба пехатою. Апошнія вершы. Медыял.

4.Віктар Марціновіч. Мова. Кнігазбор.

5.Антон Францішак Брыль. Ян Ялмужна. Кнігазбор.

6.Антон Рудак. Верхні горад. Кнігазбор.

7.Генадзь Бураўкін. Нагаварыцца з зоркамі. Медыял.

8.Сяргей Дубавец. Сіні карабель у блакітным моры плыве. Ковчег.

9.Рыгор Барадулін. Сны сасны. Галіяфы.

10. Раман Сьвечнікаў. Рома едзе. Логвінаў; Артур Конан Дойл.

Прыгоды Шэрлака Холмса. Кнігазбор.

Вось такі выбар нашых экспэртаў. А якую кнігу 2014 году, па-вашаму, беларускі чытач ня мае права прапусьціць?

— Я сказаў бы спачатку, што, апроч кніг, былі цікавыя публікацыі ў нашых выданьнях — часопісе «Дзеяслоў» і газэце «Літаратурная Беларусь». Я б раіў не прапускаць тыя творы, якія спачатку ў іх друкуюцца, а потым ужо выходзяць асобнымі кнігамі. Што ж тычыцца кніг, то я ўжо называў тыя кнігі, якія выйшлі нават у нашай сэрыі.

— І ўсё ж назавіце, калі ласка, адну кнігу, якая Вам як чытачу найбольш была даспадобы сёлета.

— Паўтаруся, сёлета было вельмі шмат цікавых кніг, і таму нейкую адну мне вельмі цяжка назваць. Назваць дзясятку я б адважыўся, а адну выбраць мне вельмі цяжка. Ну але калі так стаіць пытаньне, і адкруціцца немагчыма, то я б назваў кнігу Віктара Казько «Час зьбіраць косьці».

Як галасавалі нашы экспэрты

Алесь Квіткевіч, дырэктар культурніцкай пляцоўкі «prastora. by»:

1. Віктар Марціновіч. Мова. Кнігазбор.

2. Васіль Быкаў. Ліквідацыя. Без цэнзуры. Медыял.

3. Ёнас Люшар. Вясна барбараў. ПАПЕРУС.

4. Рыгор Барадулін. У неба пехатою. Медыял.

5. Артур Конан Дойл. Прыгоды Шэрлака Холмса. Кнігазбор.

6. Генадзь Бураўкін. Нагаварыцца з зоркамі. Медыял.

7. Рублеўская Людміла. Авантуры студыёзуса Вырвіча. Выдавецкі дом ЗВЯЗДА.

8. Валеры Гапееў. Праклён. Галіяфы.

9. Антось Рудак. Верхні горад. Кнігазбор.

10. Вільгельм Гаўф. Карлік Нос. Галіяфы.

Алесь Яўдаха (knihi. by):

1.Марціновіч Віктар. Мова. Кнігазбор.

2.Быкаў Васіль. Мёртвым не баліць. Без цэнзуры. Медыял.

3.Быкаў Васіль. Ліквідацыя. Без цэнзуры. Медыял.

4.Гапеева Вольга. Сумны суп. Галіяфы.

5.Дубавец Сяргей. Сіні карабель у блакітным моры плыве. Ковчег.

6.Бураўкін Генадзь. Нагаварыцца з зоркамі. Медыял.

7.Свечнікаў Раман. Рома едзе. Логвінаў.

8.Абламейка Сяргей. Настальгія. Галіяфы.

9.Янсан Тувэ. Небяспечнае лета. З. Колас.

10.Дойл Артур Конан. Прыгоды Шэрлака Холмса. Кнігазбор.

Вольга Бабкова, загадчык літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Я. Купалы:

1.Сяргей Дубавец. Сіні карабель у блакітным моры плыве. Ковчег.

2.Антон Рудак. Верхні горад. Кнігазбор.

3.Антон Францішак Брыль. Ян Ялмужна. Кнігазбор.

4.Марыя Вайцяшонак. Гняздо агню. В. Хурсік.

5 Тацяна Нядбай. Сірэны сьпяваюць джаз. Полацкія лябірынты.

6.Павал Гюле. Вайзер Давідзік/пер. М. Шода. Логвінаў.

7.Рыгор Барадулін. У неба пехатою. Медыял.

8.Альгерд Бахарэвіч. Каляндар Бахарэвіча. Бібліятэка Радыё Свабода.

9.Віктар Марціновіч. Мова. Кнігазбор.

10. Раман Сьвечнікаў. Рома едзе. Логвінаў.

Ганна Кісьліцына, літаратурны крытык:

1. Раман Сьвечнікаў. Рома едзе. Кніга I. Логвінаў

2. Людміла Рублеўская. Авантуры студыёзуса Вырвіча. Выдавецкі дом «Звязда».

3. Тацяна Барысік. Жанчына і леапард. Кнігазбор.

4. Адам Глобус. Партрэты. Галіяфы.

5. Альгерд Бахарэвіч. Ніякай літасьці Альгерду Б. Галіяфы.

6. Падарунак на Каляды. Зборнік сьвяточнага апавяданьня. Кнігазбор.

7. Антон Францішак Брыль. Ян Ялмужна. Кнігазбор.

8. Антон Рудак. Верхні горад. Кнігазбор.

9. Тацьцяна Нядбай. Сырэны сьпяваюць джаз. Полацкія лябірынты.

10. Павал Гюле. Вайзэр Давідзік/пер. М. Шода. Логвінаў.

Ганна Янкута, перакладчык, літаратурны крытык:

1-2. Рыгор Барадулін. Сны сасны. Галіяфы; Рыгор Барадулін. У неба пехатою. Медыял. (па 9,5 балаў).

3-4. Васіль Быкаў. Мёртвым не баліць; Васіль Быкаў. Ліквідацыя. Медыял. (па 7,5 балаў).

5. Антон Францішак Брыль. Ян Ялмужна. Кнігазбор.

6. Антон Рудак. Верхні горад. Кнігазбор.

7. Тувэ Янсан. Небяспечнае лета/пер. А. Башарымава. З. Колас.

8. Павал Гюле. Вайзэр Давідзік / пер. М. Шода. Логвінаў.

9. Вацлаў Гавал. Жыцьцё ў праўдзе / пер. С. Сматрычэнка і Ю. Сматрычэнка. Логвінаў.

10. Альгерд Бахарэвіч. Ніякай літасьці Альгерду Б. Галіяфы.

Глеб Лабадзенка, вядоўца курсаў «Мова Нанова»:

1. Васіль Быкаў. Мёртвым не баліць. Без цэнзуры. Медыял.

2. Васіль Быкаў. Ліквідацыя. Без цэнзуры. Медыял.

3. Рыгор Барадулін. У неба пехатою. Апошнія вершы. Медыял.

4. Генадзь Бураўкін. Нагаварыцца з зоркамі. Медыял.

5. Рыгор Барадулін. Сны сасны. Галіяфы.

6. Юя Вісландэр. Мама Му, Крумкач і Каляды. Менск.

7. Конан Дойл Артур. Прыгоды Шэрлака Холмса. Кнігазбор.

8. Брыль Антон Францішак. Ян Ялмужна. Кнігазбор.

9. Дубавец Сяргей. Сіні карабель у блакітным моры плыве. Ковчег.

10. Станкевіч Юры. Брамнік заўжды самотны. Галіяфы.

Вольга Гулева, супрацоўніца Музэя гісторыі беларускай літаратуры:

Васіль Быкаў. Мёртвым не баліць. Без цэнзуры. Медыял.

Васіль Быкаў. Ліквідацыя. Без цэнзуры. Медыял.

Уладзімір Караткевіч. Збор твораў. Том 3. Мастацкая літаратура.

Уладзімір Караткевіч. Збор твораў. Том 6. Мастацкая літаратура.

Уладзімір Караткевіч. Збор твораў. Том 7. Мастацкая літаратура.

Генадзь Бураўкін. Нагаварыцца з зоркай. Медыял.

Віктар Марціновіч. Мова. Кнігазбор.

Анатоль Зэкаў. Безбілетны зай. Мастацкая літаратура.

Алесь Аркуш. Мясцовы час. Полацкае ляда.

Артур Конан Дойл. Прыгоды Шэрлака Холмса. Кнігазбор.

Алесь Мазанік, кіраўнік інтэрнэт-крамы «Imbryk. by»:

1. Быкаў Васіль. Мёртвым не баліць. Без цэнзуры. Медыял.

2. Быкаў Васіль. Ліквідацыя. Без цэнзуры. Медыял.

3. Рыгор Барадулін. У неба пехатою. Медыял.

4. Бураўкін Генадзь. Нагаварыцца з зоркамі. Медыял.

5. Анатоль Кудравец Зязюля пракукуе заўтра. Кнiгазбор.

6. Аляксандар І. Бацкель. Маёнтак Рыбы. Ковчег.

7. Віктар Марціновіч. Мова. Кнігазбор.

8. Вiктар Казько. Час зьбiраць косьцi. Кнiгазбор.

9. Сьвятлана Алексіевіч. Час Сэканд-Хэнд. Кнігазбор.

10. Квяткоўскі Севярын. Як стаць беларусам.

Павал Абрамовіч, літаратурны крытык:

1. Васіль Быкаў. Мёртвым не баліць. Без цэнзуры. Медыял.

2. Рыгор Барадулін. У неба пехатою. Апошнія вершы. Медыял

3. Віктар Марціновіч. Мова. Кнігазбор.

4. Андрэй Федарэнка. Ціша. Мастацкая літаратура.

5. Валянцін Таўлай. Выбраныя творы. Беларуская навука.

6. Антон Францішак Брыль. Ян Ялмужна. Кнігазбор.

7. Людміла Рублеўская. Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Выдавецкі дом «Звязда».

8. Артур Конан Дойл. Прыгоды Шэрлака Холмса: апавяданні. Кнігазбор.

9. Антон Рудак. Верхні горад. Кнігазбор.

10. Вольга Гапеева. Сумны суп. Галіяфы.

Ціхан Чарнякевіч, літаратурны крытык:

1. Антон Рудак. Верхні горад. Кнігазбор.

2. Антон Брыль. Ян Ялмужна. Кнігазбор.

3. Тацяна Нядбай. Сірэны сьпяваюць джаз. Полацкія лябірынты.

4. Макс Шчур. Летні час. Крок.

5. Сяргей Прылуцкі. Герой эпохі стабільнасьці. Беларускае літаратурнае радыё.

6. Віктар Казько. Час зьбіраць косьці. Кнігазбор.

7. Андрэй Федарэнка. Ціша. Мастацкая літаратура.

8. Тацяна Сапач. Раньнія вершы. Менск.

9. Анатоль Кудравец. Зязюля пракукуе заўтра. Кнігазбор.

10. Кася Сянкевіч. Гарбата з незабудак. Кнігазбор.

XS
SM
MD
LG