Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўзяла курс на сяброўства ў НАТО


Вярхоўная Рада Ўкраіны скасавала пазаблёкавы статус дзяржавы, што адкрывае шлях у НАТО і выклікае раздражненьне ў Расеі.

Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла Закон «Аб унясеньні зьменаў у некаторыя законы Ўкраіны адносна адмовы Ўкраіны ад ажыцьцяўленьня палітыкі пазаблёкавасьці», паведамляе УНІАН.

За гэтае рашэньне прагаласавалі 303 народныя дэпутаты з 309 зарэгістраваных у сэсійнай залі.

У прыватнасьці, у адпаведнасьці з законам у артыкуле 6 Закона Украіны «Аб асновах нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны» усталёўваецца, што сярод прыярытэтаў нацыянальных інтарэсаў — інтэграцыя Ўкраіны ў эўрапейскую палітычную, эканамічную, прававую прастору з мэтай здабыцьця сяброўства ў Эўразьвязе і інтэграцыя ў эўраатлянтычную прастору бясьпекі; разьвіцьцё раўнапраўных ўзаемавыгадных адносінаў зь іншымі дзяржавамі сьвету ў інтарэсах Украіны.

У артыкуле 8 закона гаворыцца, што асноўнымі напрамкамі дзяржаўнай палітыкі па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны зьяўляюцца: у зьнешнепалітычнай сфэры — правядзеньне актыўнай міжнароднай палітыкі Ўкраіны, у прыватнасьці — паглыбленьне супрацоўніцтва з НАТО з мэтай дасягненьня крытэрыяў, неабходных для здабыцьця сяброўства ў гэтай арганізацыі.

У артыкуле 11 Закона Ўкраіны «Аб прынцыпах унутранай і зьнешняй палітыкі» прадугледжана паглыбленьне супрацоўніцтва з НАТО з мэтай дасягненьня крытэрыяў, неабходных для здабыцьця сяброўства ў гэтай арганізацыі.

У тлумачальнай запісцы да законапраекта адзначаецца, што адмова ад пазаблёкавага статусу Ўкраіны абгрунтаваная палітыкай Расеі ў дачыненьні да Украіны: «Агрэсія Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, незаконная анэксія ёю Аўтаномнай Рэспублікі Крым, вядзеньне супраць нашай дзяржавы так званай» гібрыднай вайны", ваеннае ўмяшальніцтва ва ўсходніх рэгіёнах Украіны, сталы ваенны, палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку Расеі абумоўліваюць неабходнасьць пошуку больш эфэктыўных гарантый незалежнасьці, сувэрэнітэту, бясьпекі і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны«, — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы.

18 сьнежня Пятро Парашэнка зарэгістраваў у Вярхоўнай Радзе законапраект аб адмене пазаблёкавага статусу Ўкраіны. Ён настойвае на пазачарговым разглядзе Вярхоўнай Радай гэтага законапраекта. Прэзыдэнт Парашэнка растлумачыў, што разгляд законапраекта аб адмове ад пазаблёкавага статусу не азначае ўступленьня ў НАТО, але, як патлумачыў Парашэнка, «мы аднаўляем эўраатлянтычную інтэграцыю».

Перад гэтым прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў на сваёй старонцы ў Facebook выказаў пагрозы на адрас ЗША і Ўкраіны з гэтай нагоды:

Прэзыдэнт ЗША падпісаў антырасейскі закон, які дае права ўжываць санкцыі супраць нашай краіны ў любы час любому амэрыканскаму прэзыдэнту.

"Прэзыдэнт ЗША падпісаў антырасейскі закон, які дае права ўжываць санкцыі супраць нашай краіны ў любы час любому амэрыканскаму прэзыдэнту. Як і ў выпадку з законам Джэксана-Вэніка, нашы адносіны з Амэрыкай будуць атручаныя на дзесяцігодзьдзі. Прэзыдэнт Украіны накіраваў у Вярхоўную Раду законапраект аб адмове ад пазаблёкавага статусу сваёй дзяржавы. Па-сутнасьці — заяўку на ўступленьне ў НАТО, ператварыўшы Украіну ў патэнцыйнага ваеннага праціўніка Расеі. Абодва гэтыя рашэньні будуць мець вельмі нэгатыўныя наступствы. І нашай краіне давядзецца рэагаваць на іх",— напісаў Мядзьведзеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG