Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саудаўская Арабія не паменшыць здабычы нафты


Алі аль-Наімі
Алі аль-Наімі

Прыярытэтам для Саудаўскай Арабіі на ўсясьветным рынку нафты зьяўляецца не павышэньне цаны на гэтае паліва, а ўтрыманьне сваёй долі на рынку.

Гэтак заявіў Алі аль-Наімі, міністар нафты Саудаўскай Арабіі, у інтэрвію, якое цытуе сайт Financial Times.

«Ці гэта разумна, калі высокаэфэктыўны вытворца нафты памяншае здабычу, а малаэфэктыўны пабольшвае? Гэта ненармальна. Калі мы паменшым здабычу, што станецца з нашай доляй на рынку? Яна дастанецца іншаму вытворцу, і цэны на нафту ўзрастуць. Такім вытворцам можа аказацца расейскі, бразыльскі або амэрыканскі, або любы іншы з высокімі коштамі вытворчасьці» — сказаў аль-Наімі.

Пэрспэктыву вяртаньня цаны нафты да 100 даляраў за барэль аль-Наімі назваў малаімавернай, абгрунтоўваючы гэта тым, што здабыча нафты ў ЗША ўвесь час расьце і што паралельна краіны OPEC утрымалі папярэднія аб’ёмы здабычы на ўзроўні 30 мільёнаў барэляў нафты на дзень.

Аль-Наімі сказаў, што здабыча нафты зь некаторых сланцавых радовішчаў у ЗША зьяўляецца бясстратнай пры цане 80-90 даляраў за барэль, але ёсьць і такія радовішчы, дзе кошты здабычы зьнізіліся да 20-30 даляраў за барэль.

На ягоную думку, краіны Пэрсыдзкага заліву, дзякуючы нізкаму сабекошту здабычы, могуць вытрымаць яшчэ большае патаньненьне нафты.

Адначасова міністар Алі аль-Наімі адхіліў абвінавачаньні, што Саудаўская Арабія ўвайшла ў нейкую змову і вызначае цану на нафту з палітычных, а не з эканамічных меркаваньняў.

Нагадаем, што ў кастрычніку пра тэорыю змовы казаў прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін, спрабуючы растлумачыць прычыны ўзьнікненьня эканамічнага крызісу ў Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG