Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падае расейскі рубель — растуць страты беларускіх прадпрыемстваў


У Магілёве некаторыя прадпрыемствы вымушаныя скарачаць працоўны тыдзень, каб зьменшыць страты ад рэзкага абясцэньваньня расейскага рубля.

Зь імі сутыкнуліся ўсе, хто гандлюе на расейскім рынку. Прызнана: калі сытуацыя з валютай суседняй краіны ня зьменіцца да лепшага, то давядзецца зьмяншаць заробкі працоўным.

Адно з найбольш стабільных прадпрыемстваў гораду — завод «Магілёўліфтмаш» — за час абясцэньваньня расейскай валюты недаатрымаў выручкі толькі за два месяцы на больш як тры дзясяткі мільярдаў беларускіх рублёў. У адміністрацыі прызнаюцца, што цяпер, каб падтрымліваць працу прадпрыемства, даводзіцца выкарыстоўваць назапашаныя раней сродкі.

«20 мільярдаў — за лістапад і 12,6 мільярда — за кастрычнік. Сытуацыя складаная. Абаротныя сродкі вымываюцца. Гэтыя грошы пакуль не кампэнсуюцца нічым. Калі аб’ёмы продажу ў нас, умоўна кажучы, 120 мільярдаў, то ў лепшым выпадку мы зможам папрацаваць два-тры месяцы. На сёньняшні дзень ужо стаіць пытаньне, што я не магу плаціць той заробак, які плаціў раней, бо выручкі я атрымліваю меншыя. Адпаведна і выдаткі трэба неяк уціскаць», — камэнтуе сытуацыю на прадпрыемстве супрацоўнік адміністрацыі.

Паводле суразмоўцы, сыходзіць з расейскага рынку «Магілёўліфтмаш» не зьбіраецца, бо, страціўшы на ім пазыцыі, дужа цяжка будзе адваяваць іх зноў. У якасьці выйсьця з сытуацыі суразмоўца дапускае дэвальвацыю беларускай валюты, аднак заўважае, што такі крок ударыць па простых людзях. Альтэрнатыва гэтаму — прыток інвэстыцыйных сродкаў, але іх, кажа прамысловец, пакуль няма.

Ёсьць прамыслоўцы, якія бачаць у абясцэньваньні расейскай валюты выгаду для сваіх прадпрыемстваў. Спадзяюцца на агульную прастору Мытнага саюзу:

«Для беларусаў, якія працуюць на Расею, гэта плюс. Імпарту ў тым аб’ёме, які быў раней, ня будзе праз курс рубля. А мы, зразумела, кошты падымем і будзем іх неяк трымаць. Тут наадварот ёсьць нейкая пэрспэктыва, што Мытны саюз будзе вырабляць свой прадукт. Будзе імпартазамяшчэньне», — выказаўся супрацоўнік адміністрацыі магілёўскага заводу «Электрарухавік».

Якая сытуацыя на гэтым прадпрыемстве цяпер, суразмоўца не сказаў, акрамя як зазначыў, што завод падвысіў кошты на сваю прадукцыю.

Тым часам некаторыя магілёўскія прадпрыемствы скарацілі працоўны тыдзень. Іхны эканамічны стан і бяз крызісу ў Расеі быў далёкі ад стабільнага, а абясцэньваньне валюты суседняй краіны толькі пагоршыла сытуацыю. Заробкі, як прызнаюцца працаўнікі, сталі меншымі. Адно з такіх прадпрыемстваў — швейная фабрыка «Вясьнянка».

«Ува ўсіх цяпер праблемы з гэтым, і ў нас таксама. Цяпер у нас чатырохдзёнка. У нас і свае праблемы фінансавыя. Усё, як кажуць, адно да аднаго», — выказваецца адна з супрацоўніц «Вясьнянкі».

Падобная сытуацыя і на прадпрыемстве «Мэціс», якое вырабляе мэблевую фурнітуру ды скабяныя прыстасаваньні. На пытаньне, ці адбіваецца на працы прадпрыемства абясцэньваньне расейскай валюты, супрацоўніца адміністрацыі адказала каротка:

Сабе ў страту працуем. І мы таксама на чатырохдзёнцы

«Вядома ж, адбіваецца. Мы ж туды адгружаем тавар. Сабе ў страту працуем. І мы таксама на чатырохдзёнцы».

На некаторых прадпрыемствах імкнуцца захоўваць аптымізм. Гэта перадусім прыватныя арганізацыі. Там заяўляюць, што зьмяніць сытуацыю да лепшага ў Расеі яны ня могуць, таму будуць прыстасоўвацца да новых рэаліяў.

«Зразумела, выручкі нашы зьменшыліся. Калі курс быў 280, а стаў — 198. Мы не падлічвалі стратаў. Гэта ж немагчыма зьмяніць — мы прывязаныя да расейскага рубля. Будзе ў іх падымацца курс — будзе і ў нас. У іх абяцаюць падвышэньне ў наступным годзе, у другім квартале. Мы хочам, каб гэта было раней. Пакуль жа будзем працаваць як працавалі. Будзем аптымізоўваць свае затраты», — зазначае супрацоўніца прыватнага прадпрыемства.

Афіцыйныя крыніцы пакуль ня згадваюць пра праблемы, зь якімі сутыкаюцца магілёўскія прадпрыемствы праз абясцэньваньне расейскага рубля. Чыноўнікі патрабуюць, каб прамыслоўцы ў час выплачвалі заробкі працаўнікам. Не чуваць на рэгіянальным узроўні і паведамленьняў пра сытуацыю з пастаўкамі харчоў у Расею. Адноўленыя яны ці не — застаецца незразумела. На перапрацоўчых прадпрыемствах адмаўляюцца казаць пра страты, якія тыя панесьлі ў выніку гэтак званай «харчовай вайны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG