Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Фядута пра турэмныя сшыткі, якія сталі кнігай


Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута, пісьменьнік і выдавец, былы палітвязень, прэзэнтаваў у Горадні сваю новую кнігу «Мой маленькі Парыж». Яна выйшла ў выдавецтве «Лимариус» на расейскай мове і прысьвечаная жыцьцю аўтара ў роднай Горадні, якую ён пакінуў у 1991 годзе. З таго часу ён жыве ў Менску. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў «амэрыканцы», турме КДБ.

«Я сапраўды шчасьлівы, таму што ў такія моманты адчуваеш, што вярнуўся на радзіму», — прызнаўся Аляксандар Фядута напачатку сустрэчы. — «Вельмі позна мы разумеем, што настаўнікаў трэба слухаць і вельмі ўважліва. Таму што многае, чаму яго вучылі, даходзіць толькі цяпер».

Каля чатырох гадоў таму яму ўспомніліся ўнівэрсытэцкія лекцыі па псыхалёгіі і словы выкладчыка аб тым, што «памяць — гэта тое, што застаецца нам, калі нам ужо няма чаго рабіць».

«У сьнежні 2010 году я апынуўся ў сытуацыі, калі ў мяне не было кніг, якія я мог бы чытаць, працягваў Аляксандар Фядута. — У мяне не было субяседнікаў, зь якімі я мог бы размаўляць, у мяне не было працы, якую я мог рабіць. Што ў мяне было? У мяне былі сшыткі, якія перадавала мне жонка. У мяне была асадка і ў мяне была памяць».

Удзень яго чакаў шпацыр, гадзіна ці дзьве, у залежнасьці ад надвор’я і ад ног, якія маглі балець:

«А ўвесь астатні час ты знаходзісься ў чатырох сьценах. Ну хіба што цябе выведуць „пообщаться“ зь іншымі людзьмі, якія знаходзяцца ў гэты момант пры выкананьні сваіх службовых абавязкаў. Я спадзяюся, я не павінен далей расшыфроўваць, што гэта былі за абставіны».

І яму захацелася паразмаўляць, хоць зь кім-небудзь.

«Мне захацелася ўспомніць. Сваё жыцьцё, блізкіх мне людзей. Успомніць нарэшце маму», кажа аўтар. І тады ён узяў перададзены жонкай сшытак і напісаў першыя словы. Ён напісаў «што з табой?» Гэта першыя словы, сказаныя яму маці, якія ён запомніў.

Калі ён напісаў сшытак, стала незразумела — што зь ім далей рабіць. Куды яго цяпер? І ён папрасіўся на сустрэчу з начальнікам установы, пра якую ягоная «яхідная» жонка сказала: «Ну лічы, што цябе адправілі ў дом творчасьці». У начальніка гэтага «дому творчасьці» былі палкоўніцкія пагоны. Палітвязень спытаў: «Ну вось я пішу ўспаміны. Іх можна будзе перадаць на свабоду? Бо які сэнс пісаць, калі гэта тут жа і застанецца?» Аляксандар Фядута працягваў: «Ён крыху напружыўся і спытаў: а аб чым пісаць будзеце? Я ня ведаў, колькі вось гэтыя „ідэальныя ўмовы“ для творчасьці працягнуцца, калі ніхто табе не перашкаджае. І адказаў: не хвалюйцеся, думаю, да 1994 году я не дайду».

Палкоўнік з палёгкай уздыхнуў і даў дазвол пісаць, сказаўшы, што кожны сшытак будуць «разглядаць асобна».

Усе сшыткі былі перададзеныя жонцы Марыне Шыбко.

«Яна кожны дзень прыходзіла як на працу і сядзела ў кавярні насупраць таго „санаторыя“, дзе я знаходзіўся». А атрымаўшы наступны сшытак з запісамі мужа, яна сядала і пачынала плакаць. А часамі сьмяялася, чытаючы, бо ён стараўся ўспомніць «ня самае дрэннае». Бо ў той сытуацыі стараесься ўспомніць «самае сьветлае, самае лепшае, што ў цябе было ў жыцьці». «У мяне самае лепшае і сьветлае — мой горад, мае землякі, блізкія, сябры, тыя людзі, аб кім стараўся напісаць гэтую кнігу», прызнаецца аўтар. Тое, што гэта будзе кніга, ён зразумеў, калі напісаў шосты сшытак.

Калі яму прывезьлі першы пачак, у якім было дваццаць кніг, дванаццаць зь іх адразу паехалі зь Менску ў Горадню — блізкім і сябрам.

На сустрэчы Аляксандар Фядута прапанаваў прысутным «сьледам за ягонай памяцьцю», якім яна кіравалася ў тым «доме творчасьці», завочна ажыцьцявіць праходку па Горадні, кожнае месца ў якой зьвязанае з канкрэтнымі людзьмі. Аўтар зачытваў урыўкі і прасіў выказацца тым людзям, аб якіх толькі што чытаў. І яшчэ раз паўтарыў, што вельмі шчасьлівы, што сабралася мноства людзей, якіх ён любіць. І «дзеля аднаго гэтага» ён «згодны на 55 дзён вярнуцца ў камэру, дзе нікога, апроч мяне не было, у адзіночку. Але толькі дзеля таго, каб сабраць вас усіх разам. Бо ніколі такога не атрымлівалася», зазначыў аўтар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG