Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН патрабуе пакараць амэрыканцаў, якія жорстка абыходзіліся з затрыманымі пасьля 11 верасьня 2001 году


У амэрыканскай турме на вайсковай базе ў Гуантанама (ілюстрацыйнае фота)
У амэрыканскай турме на вайсковай базе ў Гуантанама (ілюстрацыйнае фота)

Спэцыяльны дакладчык ААН па правах чалавека і барацьбе з тэрарызмам Бэн Эмерсан заявіў, што высокапастаўленыя чыноўнікі з адміністрацыі Джорджа Буша і агенты ЦРУ, адказныя за плянаваньне і прымяненьне катаваньняў, павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці. Так Эмэрсан пракамэнтаваў апублікаваны 9 сьнежня даклад сэнацкага Камітэту ў справах выведкі аб мэтадах вядзеньня сьледзтва пасьля 11 верасьня 2001 году.

У заяве Эмэрсана гаворыцца, што Злучаныя Штаты «абавязаныя паводле закону прыцягнуць вінаватых да адказнасьці».

Амэрыканскі саюз грамадзянскіх свабодаў заклікаў генэральнага пракурора ЗША прызначыць спэцыяльнага пракурора для расьсьледаваньня службовых асоб, якія «стварылі, зацьвердзілі, ажыцьцяўлялі і пакрывалі праграмы катаваньняў.»

«Злачынцы павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці», гаворыцца ў заяве. «У нашай сыстэме ніхто не павінен быць вышэйшы за закон.»

Выканаўчы дырэктар міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Кенэт Рот сказаў, што калі публікацыя дакладу не прывядзе да судовага перасьледу службовых асобаў, то «катаваньні застануцца» варыянтам палітыкі «для будучых прэзыдэнтаў».

Справаздача на 6000 старонак стала вынікам пяцігадовага расьсьледаваньня камітэту па выведцы Сэнату ЗША. З усяго тэксту была апублікаваная адрэдагаваная вэрсія памерам 525 старонак — своеасаблівае рэзюмэ.

Яна падрабязна распавяла пра мэтады допытаў у ЦРУ для падазраваных членаў Аль-Каіды ў таемных месцах у Эўропе і Азіі ў гады пасьля тэрарыстычных нападаў на Злучаныя Штаты 11 верасьня 2001 году.

Справаздача абвінаваціла ЦРУ ў падмане палітыкаў наконт узроўню жорсткасьці, якая была выкарыстаная супраць падазраваных у тэрарызьме.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама назваў факты, якія зьмяшчаюцца ў дакладзе, «трывожным». Абама сказаў, што ён забараніў жорсткія мэтады допыту пасьля прыходу на пасаду ў 2009 годзе, таму што яны «супярэчаць нашым каштоўнасьцям». Прэзыдэнт таксама адзначыў, што мэтады ЦРУ «нанесьлі значную шкоду рэпутацыі Амэрыкі ў сьвеце» і ўскладнілі дачыненьні ЗША з партнэрамі і саюзьнікамі.

У сваёй заяве дырэктар ЦРУ Джон Брэнан сказаў, што агенцтва рабіла памылкі і вучылася на іх. Але ён таксама сказаў, што прымусовыя мэтады дапамаглі сарваць пляны новых нападаў тэрарыстаў і выратаваць жыцьці.

Былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Дзік Чэйні заявіў газэце The New York Times, што жорсткія допыты былі абсалютна апраўданыя. Ён сказаў, што яны трымалі краіну ў бясьпецы ад любых нападаў з больш масавымі ахвярамі, што і было мэтай тагачаснай адміністрацыі.

Ўплывовы сэнатар-рэспубліканец Джон Макейн заявіў, што катаваньні «рэдка даюць дакладную інфармацыю.» Нават у паляваньні на Ўсаму бэн Ладэна, паводле ягоных словаў, да самых важных зьвестак дайшлі з дапамогаю «традыцыйных мэтадаў допытаў».

Адказваючы на пытаньне аб амэрыканскай справаздачы прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран заявіў: «Давайце ўнясем яснасьць: катаваньні заўсёды ня маюць рацыі... Пасьля 11 верасьня адбылося тое, што адбылося, і гэта было няправільна».

Міністар абароны Польшчы Томаш Сямоняк сказаў, што публікацыя дакладу падрывае давер паміж саюзьнікамі і Злучанымі Штатамі.

За некалькі гадзін да публікацыі дакладу ў Вашынгтоне, міністар абароны ЗША Чак Хэйгел загадаў амэрыканскім вайскоўцам ва ўсім сьвеце быць у стане павышанай гатоўнасьці з-за таго, што даклад можа прывесьці да новых нападаў на амэрыканскія войскі. Белы дом заявіў 8 сьнежня, што амэрыканскім амбасадам ды іншым ўстановам па ўсім сьвеце было загадана прыняць меры засьцярогі на фоне «некаторых прыкметаў» большай рызыкі тэрарыстычных нападаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG