Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БССР устрымалася, але Дэклярацыю правоў чалавека прынялі


10 сьнежня ва ўсім сьвеце адзначаецца Дзень правоў чалавека.

Менавіта ў гэты дзень ў 1948 годзе была прынята Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека. Гэты дакумэнт 10 сьнежня 1948 года ў парыскім палацы Шаё зацьвердзілі дэлегаты трэцяй сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. І з 1950 году 10 сьнежня ва ўсім сьвеце адзначаецца як Дзень правоў чалавека.

Прыняцьце Ўсеагульнай дэклярацыі — першы досьвед калектыўнай распрацоўкі ўнівэрсальнага дакумэнту па правах чалавека. Наколькі сур’ёзна паставіліся дэлегаты сэсіі Генэральнай асамблеі ААН да тэксту Дэклярацыі, сьведчыць такі факт: 58 краінаў-сяброў арганізацыі галасавалі 1400 разоў літаральна па кожным слове дакумэнта. Але Дэклярацыю ўрэшце прынялі (8 краінаў — сяброў ААН устрымаліся, у тым ліку Беларуская ССР).

Сам дакумэнт складаецца з 30 артыкулаў, у якіх выкладзены такія асноўныя правы і свабоды чалавека, як свабода выказваньня і рэлігіі ці права на адукацыю, працу і жыцьцё бяз рабства і эксплюатацыі.

Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека не зьяўляецца юрыдычным актам — гэта значыць, дакумэнтам абавязковым для выкананьня — а ўсяго толькі дэклярацыяй. Інакш кажучы, ніякі суд на сьвеце ня прыме справы, у якой чалавек скардзіцца, што яго краіна не забясьпечвае яму права на працу.

Аднак дэклярацыя дае вызначэньні такіх паняцьцяў як «асноўныя свабоды» і «правы чалавека», якія згадваюцца ў Хартыі ААН ― дакумэнце, які абавязвае ўсіх членаў ААН. Таму дэклярацыю звычайна трактуюць як неаддзельную частку міжнароднага права.

У СССР тэкст Дэклярацыі па правах чалавека немагчыма было знайсьці ў ніводнай бібліятэцы. Толькі на пачатку 1980-х гадоў тэкст быў надрукаваны ў «Литературной газете». Гэта было сапраўдным прарывам — савецкія людзі даведаліся, да прыкладу, што яны маюць права абіраць краіну пражываньня, свабодна перамяшчацца па сьвеце...

Беларускі праваабарончы рух фармальна пачаўся пры канцы 1980-х, калі быў створаны «Мартыралёг Беларусі». Але значная частка грамадзкіх праваабарончых арганізацыяў зьявілася ў сярэдзіне 1990-х.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG