Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова дапамагла знайсьці згубленае кацянё


Жыхарка Магілёва Вольга Семчанка адшукала сваё згубленае кацянё праз абвесткі на беларускай мове. Нескладаны тэкст, простыя беларускія словы — і маленькая котка вярнулася дахаты.

Адшукалі і прынесьлі Вользе кацянё суседзі.

Калі кацянё знайшлося, кажа Вольга, бальшыню абвестак яна пазьдзірала, каб не турбаваць дарэмна людзей. Тыя, што засталіся, дагэтуль прыцягваюць увагу сваёй беларускасьцю.

«Я ў жыцьці гавару па-беларуску, таму, зразумела, і напісала аб’яву на беларускай мове. У ёй былі нескладаныя словы, таму прачытаць яе мог кожны і зразумець пра што яна. Першай, памятаю, тэлефанавала жанчына. Яна была зьдзіўленая беларускай мовай, але ўспрымала яе станоўча. Да жалю, яе кот быў ня мой. Другім, памятаю, званіў мужчына і калі я стала зь ім гаварыць, то ён сказаў, што не разумее мяне, але зь ім усё такі паразумеліся. Ягонае кацянё было таксама не маім. Урэшце маё кацянё знайшлося. Можна казаць, што беларуская мова дапамагла».

Вольга Семчанка
Вольга Семчанка

Вольга пагаджаецца з думкай, што стаўленьне да беларускамоўных дзяўчат у Магілёве, і наагул у беларускім грамадзтве, куды больш цяплейшае, чым да хлопцаў.

«Фашыстамі і бандэраўцамі відавочна цяжэй назваць дзяўчатак, — жартуючы адказвае Вольга. — Хаця іншым разам запытваюць: „А чаму вы па-ўкраінску гаворыце?“ Даводзіцца тлумачыць, што гаворым мы па-беларуску. Вельмі часта прымаюць мяне і маіх беларускамоўных прыяцеляў за ўкраінцаў».

Цяпер Вольга занятая пошукамі працы. Яна скончыла адзьдзяленьне журналістыкі філфаку Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэце імя Куляшова. Прызнаецца, што калі б гаварыла, як усе, то, відаць, працу знайсьці было б прасьцей:

«Дапускаю, што, калі б па-расейску гаварыла, то можна было ўладкавацца дыспэтчарам якім. Мне складана пераходзіць зь беларускай мовы на расейскую. Я магу, калі неабходна, але, калі ўвесь час мне давядзецца гаварыць, то будзе складана. Прасьцей было б жыць расейскамоўнай, але ж мы (з усьмешкай) простых шляхоў не шукаем».

Вольга кажа, што гаварыць па-беларуску пачала гадоў восем таму. Адзначае: падахвоцілі стасункі зь беларускамоўнай моладзьдзю і выкладчыкі ўнівэрсытэту. Сама яна з Клімавічаў. Там людзей, якія б гаварылі па-беларуску, не сустракала:

«Я тады зразумела: беларуская мова ў нашым грамадзтве „пакрыўджаная“. Стаўленьне да яе нібыта да прычоскі „іракез“ ці міні-спадніцы. Мая мова — гэта творчы бунт супраць усяго абрыдлага. Цяпер жа „беларускамоўнасьць“ — частка майго жыцьця. І апошняя выспа асабістай свабоды».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG