Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя на прысуд: пагромы і гвалт


Хваляваньні ў Фэргасане
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:16 0:00
Наўпроставы лінк

Адмова суду выставіць абвінавачваньні паліцэйскаму, які застрэліў 18-гадовага юнака, прывёў да беспарадкаў у амэрыканскіх гарадах.

У амэрыканскім горадзе Фэргасан, у штаце Місуры, мінулае ночы пачаліся пагромы і беспарадкі пасьля таго, як журы прысяжных абвясьціла, што ня будзе выстаўляць абвінавачаньні беламу паліцэйскаму, які ў жніўні застрэліў чарнаскурага юнака. Хваляваньні адбыліся і ў іншых амэрыканскіх гарадах, у тым ліку ў Нью-Ёрку.

Незадаволенасьць вынесеным рашэньнем прывяла да таго, што пратэстоўцы пачалі падпальваць будынкі, паліцэйскія машыны, біць вітрыны і рабаваць крамы. Недалёка ад суседняга Сэнт-Луісу была чутная страляніна. Паліцыя выкарыстала дымавухі і сьлезацечны газ. Хваляваньні пачаліся і ў іншых амэрыканскіх гарадах, у тым ліку ў Нью-Ёрку і Лос-Анжэлесе. Раней прэзыдэнт краіны Барак Абама заклікаў незадаволеных вэрдыктам не дапускаць гвалту, а паліцэйскіх праяўляць стрыманасьць.

Пратэст у Нью-Ёрку
Пратэст у Нью-Ёрку

У выніку беспарадкаў у Фэргасане цалкам згарэлі некалькі будынкаў, параненыя два журналісты, зачынены аэрапорт Сэнт-Луісу, над горадам забароненыя палёты цывільнай авіяцыі.

Агенцтва AFP паведамляе са спасылкай на паліцыю Фэргасана пра 12 падпаленых будынкаў. Прадстаўнікі праваахоўных органаў заявілі, што паліцыянты былі абстраляныя з аўтаматаў. Губэрнатар штату Місуры Джэй Ніксан абвясьціў пра ўвод дадатковых сіл Нацыянальнай гвардыі ў горад. У сувязі з пагромамі затрымана каля 30 чалавек.

Адразу пасьля абвесткі аб тым, што паліцэйскаму, які застрэліў юнака, ня будуць прад’яўленыя абвінавачваньні, беспарадкі пачаліся і ў іншых амэрыканскіх гарадах. У Нью-Ёрку пратэстоўцы перакрылі рух па трох асноўных гарадзкіх мастах, былі падпаленыя некалькі будынкаў і машын. Некалькі соцень чалавек зладзілі акцыю на Таймс-сквэр, аднак, бліжэй да раніцы былі выцесьненыя адтуль паліцыяй.

Гібель чарнаскурага юнака Майкла Браўна сёлета ўлетку выклікала беспарадкі, якія працягваліся некалькі дзён.

Спроба патушыць пажар у Фэргасане
Спроба патушыць пажар у Фэргасане

У панядзелак позна ўвечары ў Фэргасане было абвешчана, што няма падставаў выстаўляць якія б там ні было абвінавачваньні мясцоваму паліцыянту Дарэну Ўілсану. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі сказаў пракурор Роберт MакКало.

Паводле пракурора, члены вялікага журы палічылі, што паліцэйскі дзейнічаў у мэтах самаабароны. Пракурор падкрэсьліў, што прысяжныя старанна вывучылі паказаньні шматлікіх сьведак і рэчавыя доказы, якія тычацца гэтай справы.

Браўн загінуў у жніўні пасьля таго, як Уілсан спыніў яго і яго прыяцеля на вуліцы для праверкі. Паліцэйскі, як ён сьцьвярджае, быў вымушаны ўжыць зброю для самаабароны, бо Браўн павёў сябе пагрозьліва. Сям’я загінулага заяўляе, што паліцэйскі застрэліў бяззбройнага юнака без усялякіх падстаў.

Напярэдадні рашэньня прысяжных у Фэргасане былі ўжытыя павышаныя захады бясьпекі, а губэрнатар штату Місуры ўвёў там рэжым надзвычайнай сытуацыі, у рамках якога ўлады штату могуць у выпадку неабходнасьці прыцягнуць да падтрыманьня парадку ў горадзе і акрузе падразьдзяленьні Нацыянальнай гвардыі ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG