Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На тэрыторыях, падкантрольных «ЛНР» і «ДНР» паўтараюць экспэрымэнт часоў Галадамору — Парашэнка


На тэрыторыях, падкантрольных «ЛНР» і «ДНР», паўтараюць экспэрымэнт часоў Галадамору. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка падчас звароту да ўкраінцаў.

«Падобна, духоўныя нашчадкі Сталіна, Кагановіча, Постышава ня растварыліся ў цемры гісторыі. Яны правяць крывавы баль на часова захопленых землях так званых „ЛНР“ і „ДНР“. Яны паўтараюць там экспэрымэнт часоў Галадамору, пазбаўляючы мірных людзей прадуктаў харчаваньня», — падкрэсьліў Парашэнка.

Паводле Парашэнкі, таксама, як і ў 30-я гады савецкія ўлады прыпынялі спробы перадачы прадуктаў харчаваньня на тэрыторыі, дзе быў голад, цяпер на Данбасе спрабуюць заблякаваць перадачу гуманітарнай дапамогі з Украіны.

«Сёньня, калі на акупаваных тэрыторыях Данбаса пачынаюцца галодныя бунты, баевікі страляюць у машыны з украінскай гуманітарнай дапамогай», — цытуе «Украінская праўда» прэзыдэнта Ўкраіны.

Ва Ўкраіне ўшанавалі ахвяраў Галадамору агульнанацыянальнай хвілінай маўчаньня, якую абвясьціў прэзыдэнт Парашэнка пасьля выступу ля Мэмарыялу ахвярам галадамораў Украіны ў Кіеве. Сёньня на тэрыторыі Ўкраіны прыспушчаны дзяржаўныя сьцягі, абмежавана правядзеньне забаўляльных мерапрыемстваў і ўнесены адпаведныя зьмены ў праграмы радыё і тэлебачаньня. У цэрквах праходзяць паніхіды па ахвярах Галадамору 1921-1922, 1932-1933, 1946-1947 гадоў ва Ўкраіне.

Масавы голад ва Ўкраіне на пачатку 1930-х гадоў, на думку многіх украінскіх гісторыкаў, стаў вынікам сьвядомых дзеяньняў сталінскага рэжыму і быў накіраваны, у першую чаргу, супраць сялянаў. Савецкая прэса пра голад не паведамляла.

У 2006 годзе Вярхоўная рада прызнала Галадамор генацыдам украінскага народу. Пасьля гэта афіцыйна прызналі яшчэ 24 дзяржавы, але сярод іх няма Расеі і Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG