Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэсмэны-рэспубліканцы падалі ў суд на адміністрацыю Абамы


Джон Бэйнэр
Джон Бэйнэр

У пятніцу рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прад’явілі ў фэдэральны суд пазоў адміністрацыі Абамы, у якім яны вінавацяць Белы дом у перавышэньні паўнамоцтваў выканаўчай улады пры правядзеньні ў жыцьцё Закону аб даступным мэдычным абслугоўваньні, які вядомы як рэформа сыстэмы мэдычнага страхаваньня.

Адказчыкамі па пазове названыя два ведамствы — Міністэрства фінансаў і Міністэрства аховы здароўя і сацыяльнага забесьпячэньня. У прыватнасьці, адміністрацыі ставіцца ў віну тое, што яна парушыла новы закон, адклаўшы ўступленьне ў дзеяньне яго палажэньня, згодна зь якім буйныя прадпрыемствы пад пагрозай штрафаў павінны прадастаўляць страхоўку ўсім сваім штатным працаўнікам. Буйнымі лічацца прадпрыемствы, на якіх працуе пяцьдзесят і больш чалавек. Першапачаткова ўступ у сілу гэтага патрабаваньня быў адкладзены да 2015 года, а затым — да 2016.

Адміністрацыя таксама абвінавачваецца ў тым, што вылучыла страхавым кампаніям на працягу бліжэйшых дзесяці гадоў 175 млрд даляраў, не зацьверджаных Кангрэсам. Гэтыя сродкі закліканы пакрыць страты страхавальнікаў ў сувязі з прадастаўленьнем мэдычных полісаў асобам зь нізкім узроўнем даходаў, якія ня ў стане самі цалкам аплачваць сваю страхоўку.

Закон быў прыняты ў 2010 годзе, яго не падтрымаў ніводзін дэпутат Кангрэсу ад Рэспубліканскай партыі ні ў Палаце прадстаўнікоў, ні ў Сэнаце.

Дэмакраты называюць пазоў, прад’яўлены рэспубліканцамі адміністрацыі Абамы, «дзіўным», паколькі тыя абвінавачваюць прэзыдэнта ў затрымцы рэалізацыі закону, які самі люта крытыкуюць. Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Джон Бэйнэр заявіў аб тым, што мэта пазоўнікаў — не дазволіць цяперашняму прэзыдэнту і будучым усталёўваць свае ўласныя законы: «У Палаты прадстаўнікоў ёсьць абавязак абараняць канстытуцыю». Рэспубліканцы не выключаюць ўключэньне ў гэты пазоў новых абвінавачваньняў, зьвязаных з указам прэзыдэнта Абамы аб абароне ад дэпартацыі нелегальных мігрантаў, падпісанага прэзыдэнтам у пятніцу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG