Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорск: чыноўнікі хочуць забраць у Надзеі Дударэнкі ўсыноўленых дзяцей


Надзея Дударэнка з сынамі
Надзея Дударэнка з сынамі

Чыноўнікі Сьветлагорскага райвыканкаму праз суд спрабуюць забраць у Надзеі Дударэнкі дваіх апошніх дзяцей, якіх яна ўсынавіла. Пяць прыёмных дзяўчатак і хлопчыкаў у некалі ўзорнай сям’і аддзел адукацыі адабраў два гады таму.

Пазоў аддзелу адукацыі да Надзеі Дударэнкі наконт адмены ўсынаўленьня дзевяцігадовых Альберта і Андрэя падтрымлівалі ў судзе 21 лістапада інспэктарка профільнага аддзелу і юрыст райвыканкаму.

Па сутнасьці, яны паўтарылі тое, што напісана ў пазове: раней Дударэнка адмаўлялася аддаваць дзяцей у дашкольныя ўстановы, а стаўшы школьнікамі, яны не наведвалі гурткі і пазаклясныя мерапрыемствы. Да таго ж сёлета ад пачатку навучальнага году трэцяклясьнікі наагул ня ходзяць у школу.

Дырэктар Парыцкай сярэдняй школы Анатоль Дынько заяўляе, што сваім загадам спыніў індывідуальнае навучаньне Альберта і Андрэя Дударэнкаў пасьля завяршэньня мінулага навучальнага году:

«Яны не займаюцца паводле індывідуальнай праграмы. Індывідуальнае навучаньне было спынена па заканчэньні мінулага навучальнага году. Загад мой ёсьць і рашэньне пэдсавету школы. Яны не засвоілі ў поўным аб’ёме праграму. Дзеці павінны хадзіць у школу, а яна іх не пускае».

Праграму другой клясы хлопчыкі Надзеі Дударэнкі праходзілі дома — у школу таксама не хадзілі. Таго Надзея Іванаўна дамаглася пасьля шэрагу канфліктаў у школе, калі хлопчыкі прыходзілі дадому з гузакамі і нават ранамі.

Баючыся за іх здароўе, Дударэнка й патрабавала прызначыць індывідуальнае навучаньне. І ёй дазволілі. Яна й цяпер лічыць, што хлопчыкам трэба яшчэ навучацца дома:

«Я маю права паводле заканадаўства нашай краіны сама выбіраць форму навучаньня».

Дзеці павінны хадзіць у школу, а яна іх не пускае

Кіраўніцтва школы мае на гэты конт сваю думку:

«Дазваляюць наагул на падставе заканадаўства аб сярэдняй адукацыі таленавітым і адораным дзецям. Проста там у сувязі з сытуацыяй, якая склалася, быў дадзены дазвол. Мы думалі, што стасункі наладзяцца, але бачыце, што адбылося».

Надзея Дударэнка працягвае дамагацца вяртаньня забраных у яе два гады таму пяцёх прыёмных дзяцей. Пазоў у суд выніку не прынёс. Дударэнка апошнім часам зьвярнулася ў Савет Міністраў, Генэральную пракуратуру, даводзячы сваю пазыцыю. Раней той жа Сьветлагорскі аддзел адукацыі прызнаваў прыёмную сям’ю Надзеі Дударэнкі ледзь не найлепшай. Але калі яна стала крытыкаваць парадкі ў школе, ад якіх цярпелі дзеці, усё перамянілася.

Начальніца раённага аддзелу адукацыі Людміла Вялічка, як лічыць Дударэнка, слала да яе камісію за камісіяй, ня бачачы, напрыклад, што ў суседняй прыёмнай сям’і даходзіла да крыміналу: бацька з сынам гвалцілі непаўналетніх дзяўчатак, узятых на выхаваньне.

Цяпер аддзел адукацыі нібыта дзеля помсты хоча праз суд пазбавіць Надзею мацярынскіх правоў на ўсыноўленых хлапчукоў. Дадатковы аргумэнт: у яе ж забралі прыёмных дзяцей!

Раней, калі дзеці хадзілі ў школу, а я куды-небудзь зьвярталася, то яны пачыналі на дзецях зрывацца

Дударэнка: «Гэта звычайная помста. Раней, калі дзеці хадзілі ў школу, а я куды-небудзь зьвярталася, то яны пачыналі на дзецях зрывацца. Цяпер я зьвярнулася ў Савет міністраў наконт таго, што ў мяне незаконна забралі прыёмных дзяцей — дапамажыце вярнуць іх. Мой зварот пераслалі ў Міністэрства адукацыі, каб яно разабралася, узяло пад кантроль і адказала мне. Прайшло больш за месяц, але адказу зь Міністэрства адукацыі я не атрымала. Праўда, прыяжджала з абласной управы адукацыі Цяпугіна, якая абуралася на мой зварот у Саўмін. Я паўторна зьвярнулася ў Савет міністраў і прыклала дакумэнты з указаньнем парушэньняў, якія былі дапушчаныя, калі ў мяне адбіралі прыёмных дзяцей. Там і юрысты падпісаліся, і раскладзена ўсё па палічках».

Як лічыць Дударэнка, усьлед за гэтым і зьявіўся ў судзе пазоў Сьветлагорскага аддзелу адукацыі на адмену ўсынаўленьня дзевяцігадовых хлапчукоў.

Судзьдзя Людміла Сядзько, якая разглядае справу, сёньня папярэдне заслухала абодва бакі і прызначыла чарговае паседжаньне на 26 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG