Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына расколваецца на тых, хто за Пуціна, і тых, хто супраць


Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель
Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель

Афіцыйная Нямеччына з пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту падтрымлівала праэўрапейскі шлях Кіева. Не заўсёды канцлер Ангела Мэркель знаходзіла разуменьне сваёй палітыкі адносна санкцыяў супраць Расеі.

Многія яе калегі стварылі так званае кола «тых, хто разумее Пуціна». Іх інфармацыйны голад наконт вайны на ўсходзе Ўкраіны часта задавольваў англамоўны крамлёўскі канал «Russia Today». Цяпер Расея робіць прапагандысцкі наступ, каб павялічыць шэрагі тых, хто падтрымлівае палітыку Пуціна.

Старшыня нямецка-расейскага форуму і былы прэм’ер-міністар зямлі Брандэнбург Маціяс Плацэк прапанаваў правесьці працэдуру легалізацыі анэксіі Крыму. Акрамя таго, ён выказаў меркаваньне, што ўсходнія рэгіёны Ўкраіны, якія цяпер знаходзяцца пад кантролем сэпаратыстаў, таксама верагодна ня вернуцца пад уладу Кіева. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію газэце «Passauer Neue Presse», што выклікала шмат пытаньняў.

«Мы тэрмінова шукаем дыялёг з Расеяй ці павінны яго працягнуць, паколькі я лічу, што мы падыходзім да мяжы непапраўнага. Яшчэ больш закручваць сьпіраль канфлікту ў выглядзе санкцый або вэрбальнымі мэтадамі недарэчна», — вось так ён патлумачыў сваю заяву на Першым канале нямецкага тэлебачаньня.

Новы наступ крамлёўскай прапаганды толькі пачаўся

Мы тэрмінова шукаем дыялёг з Расеяй ці павінны яго працягнуць, паколькі я лічу, што мы падыходзім да мяжы непапраўнага

Маціяс Плацэк заклікаў Захад пайсьці насустрач расейскаму прэзыдэнту. Ён лічыць, што заходнія краіны павінны знайсьці такое рашэньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, каб Пуцін не выглядаў так, быццам ён прайграў. Кіраўнік нямецка-расейскага форуму Платцэк зрабіў сваю заяву пасьля інтэрвію прэзыдэнта Расеі тэлеканалу ARD. Журналіст Хубэрт Зайпэль, які рабіў інтэрвію, не рашыўся на крытычныя пытаньні. I пазьней прызнаўся ў адным з ток-шоў: «У такой справе я павінен быў сачыць, каб не сказаць няправільныя словы». Яго нямецкія калегі былі абураныя.

Хоць i ня ўсе. I спэцыялісты, і шараговыя грамадзяне, але перш за ўсё палітыкі ў Нямеччыне падзяліліся на два лягеры: тыя, хто «разумее Пуціна» і тыя, хто яго не падтрымлівае. Цяпер гаворка ідзе ня толькі аб пазыцыі асобных грамадзян.

Створаная ў мінулым годзе кансэрватыўная партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» — пад пагрозай расколу. I менавіта праз пытаньне: «Падтрымаць Пуціна або выступіць супраць яго?» А для таго, каб яго падтрымалі, Пуцін не шкадуе ні сіл, ні сродкаў. Ягоныя інтэрвію паказвае таксама яшчэ i тэлеканал «РТ Нямеччына» — даччыны канал былой «Russia Today». Іх тэхніка і якасьць — на вышэйшым узроўні. Журналістка — прыгажуня на абцасах i апранутая ва ультра-кароткую спаднічку — вядзе вострыя, не бяз гумару інтэрвію. Вядома, без усялякага крытычнага слова на адрас крамлёўскага рэжыму. Таму Пуцін можа быць задаволены. Новы наступ крамлёўскай прапаганды толькі пачаўся. Але на канцлера Ангелу Мэркель такая актыўная мэдыйная прапаганда пакуль не паўплывала.

«Адбываецца расейская палітыка дэстабілізацыi ўсходу Ўкраіны, у рэгіёнах Данецку і Луганску. Мы ня можам пакінуць пацярпелых сам-насам. З гуманітарных прычынаў, а таксама з уласнага інтарэсу. Бо глябалізацыя сьвету зрабіла нас усіх суседзямі. Мы будзем дапамагаць Украіне як палітычна, так і эканамічна», — сказала яна пасьля сустрэчы «вялікай дваццаткі».

Між тым прэс-служба нямецка-расейскага форуму абвяргае Маціяса Платцэка наконт ягонага закліку легалізаваць анэксію Крыму. Палітык толькі прапанаваў падумаць, каб «ўрэгуляваць крымскае пытаньне з пункту гледжаньня міжнароднага права», — гаворыцца ў заяве прэс-службы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG