Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Трафімчык: Узьяднаньня Беларусі ў 1939-м афіцыйна не было


Анатоль Трафімчык
Анатоль Трафімчык

Днямі ў офісе выдавецтва «Галіяфы» прайшла прэзэнтацыя кнігі «1939 год і Беларусь: забытая вайна», дзе дасьледуюцца малавядомыя аспэкты тагачаснага нямецка-савецкага ваеннага супрацоўніцтва. Госьцем перадачы — яе аўтар, гісторык Анатоль Трафімчык.

— Анатоль, у шмат якіх заходнебеларускіх гарадах ёсьць вуліцы 17 верасьня. І менавіта гэты дзень лічыцца днём узьяднаньня Беларусі. Але калі зьвярнуцца да дакумэнтаў, што вы і робіце ў сваёй кнізе, то толькі ў лістападзе 1939 году закончылася насамрэч тое ўзьяднаньне — Вярхоўны Савет БССР прыняў адпаведную пастанову. А што ж тады адбылося 17 верасьня?

Шуленбург засьведчыў: «Сталін асабіста гаварыў мне ў той час, што ён гатовы пайсьці на саступкі на поўначы памежнай лініі, там, дзе яна праходзіць праз Беларусь».

— 17 верасьня Чырвоная армія перайшла савецка-польскую мяжу. Нягледзячы на тое, што тады паўсюль гучалі лёзунгі пра «вызваленьне беларускіх братоў», ніхто не гаварыў пра ўзьяднаньне Беларусі. І за савецкім часам, і ў часы незалежнасьці некалькі разоў падымалася пытаньне, каб 17 верасьня неяк узвысіць, надаць яму яшчэ большае значэньне. І — станоўчага адказу гэтае пытаньне не знаходзіла. Таму што не было для таго рэальнай базы. Падзеі 1939 году Масква разглядала як падзел Польшчы, а не як узьяднаньне Беларусі. Напярэдадні пакту Молатава-Рыбэнтропа на дыпляматычных перамовах Беларусь зусім не фігуравала — ні як суб’ект, ні нават як аб’ект. Пад увагу не браліся і этнаграфічныя межы. Нямецкі амбасадар у Маскве Шуленбург засьведчыў: «Сталін асабіста гаварыў мне ў той час, што ён гатовы пайсьці на саступкі на поўначы памежнай лініі, там, дзе яна праходзіць праз Беларусь». Фактычна ўзьяднаньне Беларусі расьцягнулася на доўгія гады і завершылася толькі пасьля ІІ сусьветнай вайны.

— А чаму немцы напалі на Польшчу 1 верасьня, а саветы — толькі 17-га? Чаго чакала Масква?

Сталін жа разумеў, што калі ён адразу ж за Гітлерам пачне ваенныя дзеяньні, то возьме на сябе ня толькі большую частку вайны, але і запляміцца

— Гэта было зьвязана з геапалітычнымі інтарэсамі СССР. З аднаго боку, Маскве хацелася, каб Нямеччына як мага больш аслабіла Польшчу. З другога боку, была яшчэ і Японія на Далёкім Усходзе. І савецкія, і нэасавецкія гісторыкі пісалі і пішуць, што Савецкі Саюз ня мог павярнуцца сьпіною да японцаў. У гэтым ёсьць лёгіка. Наколькі яна пераважала — пытаньне дыскусійнае, бо ўсё ж у Савецкага Саюзу армія ў 1939 годзе была немаленькая, і ён мог сабе дазволіць такія павароты. Гітлер спадзяваўся, што на дадзеным этапе Сталін зробіцца ня толькі яго ваенна-палітычным хаўрусьнікам, але і сябрам. Сталін жа разумеў, што калі ён адразу ж за Гітлерам пачне ваенныя дзеяньні, то возьме на сябе ня толькі большую частку вайны, але і запляміцца. Разам з тым, Сталін узяў паўзу, каб паглядзець на рэакцыю хаўрусьнікаў Польшчы. І ён не памыліўся. Дарэчы, Гітлер яшчэ ў жніўні ведаў, што Вялікабрытанія і Францыя цынічна ня пойдуць на рэальныя баявыя дзеяньні. Таму і напаў на Польшчу. Тут нельга абвінавачваць толькі Савецкі Саюз. А падзяліць віну матэматычна тут таксама складана. Вядома ж, Савецкі Саюз спрычыніўся да разьвязваньня ІІ сусьветнай вайны. Трэба зазначыць, што фармальна яна пачалася ня 1 верасьня 1939 году. 1 верасьня пачалася нямецка-польская вайна. А іншыя дзяржавы былі ўцягнутыя ў вайну толькі 3 верасьня — праз абвяшчэньне вайны спачатку Вялікабрытаніяй, а трохі пазьней, у той самы дзень, Францыяй. Па вялікім рахунку — гэта і ёсьць дата пачатку ІІ сусьветнай вайны.

— Як шмат беларусаў ад пачатку прымалі ў ёй удзел?

Тут трэба заўважыць, што беларусы палякамі накіроўваліся на нямецкі фронт, бо з савецкага яны маглі б дэзэртыраваць.

— Беларусы, якія пражывалі ў складзе Польшчы, адразу ж, 1 верасьня, былі мабілізаваныя і ваявалі супраць нямецкіх акупантаў. Іх колькасьць, па падліках Юрыя Грыбоўскага, даходзіла да 70 тысячаў. Зь іх 30-40 тысячаў трапілі ў нямецкі палон. Тут трэба заўважыць, што беларусы палякамі накіроўваліся на нямецкі фронт, бо з савецкага яны маглі б дэзэртыраваць. Настроі выхадцаў з Заходняй Беларусі былі добра вывучаныя, яны пераважна былі прыхільныя да Савецкага Саюзу. З тых 30-40 тысячаў палова не была перададзеная СССР. Ды і самі саветы не захацелі забіраць усіх палонных. І потым, калі пачалася вайна немцаў супраць Савецкага Саюзу, тысячаў 15 з пазасталых у нямецкіх лягерах пагадзіліся на супрацоўніцтва зь немцамі, на дывэрсійныя дзеяньні супраць СССР.

— У вашай кнізе мяне асабліва ўразіў адзін факт. У верасьні 1939 году нямецкія самалёты бамбавалі заходнебеларускія гарады — па наводцы з савецкага Менску! Як далёка зайшла тады савецка-нямецкая ваенная каапэрацыя?

Нямецкія бомбы сыпаліся на ўсю Заходнюю Беларусь: на Берасьце, Баранавічы, Ліду, Кобрын, Ганцавічы і г. д.

— Польскія гісторыкі пішуць, што зайшла далёка. Нават былі сумесныя пляны ваеннага характару, сумесныя вучэньні спэцслужбаў. Што датычыць наводкі самалётаў, то гэты факт вядомы. Нямецкія бомбы сыпаліся на ўсю Заходнюю Беларусь: на Берасьце, Баранавічы, Ліду, Кобрын, Ганцавічы і г. д. Я не вывучаў Украіну, але думаю, што там тое самае рабілася. Дзякуючы наводцы зь Менску, пад нямецкімі бомбамі гінула мірнае насельніцтва. У прыватнасьці, падчас масавага бамбаваньня Берасьця загінулі сотні мірных грамадзянаў. Гэта задакумэнтавана.

— 70 000 беларусаў ваявалі за Польшчу ў 1939-м. А ці былі такія, хто быў гатовы збройна змагацца за Беларусь?

— Такіх людзей было няшмат, але яны былі. Я гутарыў з адным такім чалавекам — Уладзімерам Рапейкам з маёй роднай вёскі Вялікія Круговічы на Ганцавіччыне. Ён, дарэчы, пражыў 100 гадоў. Рапейка расказваў, што калі 1 верасьня Нямеччына напала на Польшчу, яны пачалі тэрміновую мабілізацыю, стварэньне збройных аддзелаў. Нават плянавалі 18 верасьня ўзяць Пінск, бо там заставалася ўсяго некалькі польскіх паліцэйскіх аддзяленьняў. Не пасьпелі — іх апярэдзілі саветы.

— Але што гэта былі за людзі?

— Беларускія нацыяналісты, узгадаваныя ў Заходняй Беларусі падчас міжваеннай Польшчы. Пераважна былыя грамадоўцы.

— У свой час мне давялося рэдагаваць некалькі паэтычных зборнікаў Івана Чыгрына. Вядомы літаратуразнаўца, дасьледчык найперш Максіма Гарэцкага, ён у канцы жыцьця праявіў сябе як таленавіты паэт. Мне запомніліся яго радкі: «Расейцы вызвалялі ад палякаў. Палякі вызвалялі ад расейцаў. Вызвалялі швэды. Вызвалялі французы. Вызвалялі немцы. І хто нас толькі ні вызваляў! А мы як былі нявольнікамі, так і засталіся». Беларусы ў 1939-м чакалі вызваленьня з усходу?

Але брамы аднатыпныя, і гэта наводзіць на думку, што хлеб-соль ад заходніх беларусаў пад брамамі — сплянаваныя акцыі.

— Яны чакалі лепшай долі, нават узводзілі вітальныя брамы — іх мы бачым на фотаздымках. Але брамы аднатыпныя, і гэта наводзіць на думку, што хлеб-соль ад заходніх беларусаў пад брамамі — сплянаваныя акцыі. Бо як іначай патлумачыць, што ўспрыманьне саветаў усяго за некалькі месяцаў павярнулася літаральна на 180 градусаў? У свой час мне пашчасьціла занатаваць успаміны сваіх аднавяскоўцаў. Яны казалі, што бальшавікоў неўзабаве сталі называць зьняважліва «башлыкамі». Чаму? Бо яны аказаліся зусім ня тымі, якімі іх чакалі. І пасьля таго, як разышліся старыя запасы, быў панішчаны эканамічны патэнцыял, створаны за польскім часам, людзі зьбяднелі. Затое палілася ракою гарэлка, тытунь можна было сеяць, купляць капеечную махорку (у Польшчы на гэта была строгая дзяржаўная манаполія). І, вядома ж, людзі вельмі хутка расчараваліся. Нават зьявілася такая прымаўка: палякі нас апалячвалі 20 гадоў, а прыйшлі саветы і за два месяцы апалячылі. Мелася на ўвазе, што выклікалі добрыя пачуцьці да польскай, таксама не салодкай, улады.

— Перад апошнім пытаньнем прывяду словы доктара гісторыі Захара Шыбекі: «Анатоль Трафімчык зайшоў у створаны савецкімі гісторыкамі дом-міт пра беларускую савецкую дзяржаўнасьць, а там — змрочная атмасфэра, смурод палітычных мерцьвякоў. Патрабавалася мужнасьць і адвага». А ці лёгка разбураюцца савецкія міты? Ці шмат іх яшчэ застаецца ў нашай сьвядомасьці?

Захар Шыбека
Захар Шыбека

— Шаноўны Захар Шыбека так гаварыў адносна маёй папярэдняй кнігі «Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь». У кнізе «1939 год і Беларусь: забытая вайна» мне хацелася не змагацца зь мітамі, а напісаць беларускую праўду пра той час. Як той казаў, кропля камень точыць. Пакрысе, я спадзяюся, дзякуючы і маім публікацыям, грамадзкая думка эвалюцыянуе ў бок беларусацэнтрычнасьці, поглядаў на мінулае зь беларускай званіцы. Ня так даўно выйшла кніга гісторыка Ўладзімера Снапкоўскага пра аспэкты беларускай дзяржаўнасьці, дык там гаворыцца, што наша гістарычная навука зрабіла значны крок у бок збліжэньня з пазыцыяй гісторыкаў краінаў-суседзяў, у першую чаргу — Украіны, але таксама і Польшчы. Мы на многія падзеі пачынаем глядзець, вядома ж, не аднымі вачыма, але з аднолькавым разуменьнем. Гістарычная праўда для кожнага суб’ектыўная, але яе разуменьне можа быць аднолькавае, і для нас гэта важна, каб надалей з суседзямі жыць мірна, па-суседзку.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG