Пра гэта гаворыцца ў камэнтары начальніка ўпраўленьня інфармацыі — прэс-сакратара МЗС Беларусі Дзьмітрыя Мірончыка. Камэнтар разьмешчаны на сайце МЗС Беларусі.
«У Рэспубліцы Беларусь з абурэньнем успрынялі навіну пра збройны напад на сынагогу ў ерусалімскім раёне Хар-Ноф. У нашай краіне безагаворачна асуджаюць гэтае крывавае злачынства, чым бы яно ні матывавалася. Выказваем шчырыя спачуваньні родным і блізкім загінулых. Мы спадзяёмся, што палестынскім і ізраільскім бакамі будзе зроблена ўсё неабходнае, каб спыніць хвалю гвалту ў рэгіёне, прадухіліць выкарыстаньне рэлігійнага фактару для эскаляцыі існуючага канфлікту», — сказаў прадстаўнік беларускага МЗС Дзьмітры Мірончык.
Колькасьць загінулых ад ранішняга нападу на сынагогу ў Ерусаліме ўзрасла да пяці. Гэта самае крывавае з падобных злачынстваў у горадзе за апошнія гады.
У шпіталі ад раненьняў памёр адзін з супрацоўнікаў паліцыі. Астатнія ахвяры злачынства — рабіны. Трое зь іх мелі падвойнае грамадзянства — Ізраілю і ЗША, чацьвёрты быў грамадзянінам Ізраілю і адначасова падданым Вялікабрытаніі.
Двое нападнікаў — палестынцы. Яны былі ўзброеныя сякерай, нажамі і пісталетам. У перастрэлцы з паліцыяй абодвух забілі.