Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктар з Таджыкістану навучыўся ў Беларусі штрафаваць студэнтаў


Кіраўніцтва дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Таджыкістана мае намер ўвесьці ў дачыненьні да студэнтаў, якія прапускаюць заняткі, штрафы ў памеры 25 самані (каля пяці даляраў ЗША).

Абдуджабор Рахмонаў, рэктар унівэрсытэту, паведаміў сёньня Радыё Свабода, што «гэты праект вывучаецца і абмяркоўваецца, і будзе рэалізаваны толькі шляхам галасаваньня сярод выкладчыкаў і студэнтаў»:

«Калі гэты праект знойдзе вялікую падтрымку, то студэнт, які прапускае заняткі, будзе карацца ў выглядзе штрафу ў памеры 25 самані, якія будуць пералічвацца ў бюджэт ВНУ».

Паводле слоў Рахмонава, мяркуецца таксама штрафаваць выкладчыкаў, якія адмаўляюцца выкладаць. Ідэя ўвядзеньня штрафных санкцый у рэктара паўстала пасьля наведваньня Беларусі, дзе ён азнаёміўся з дзейнасьцю вышэйшых навучальных устаноў.

Паводле яго слоў, у Беларусі за кожную «нб» студэнт выплачвае штраф у памеры 50 даляраў.

Новая ідэя Рахмонава падзяліла студэнтаў і выкладчыкаў на два лягеры — адны выступаюць за ўвядзеньне штрафаў, іншыя супраць. Адны сьцьвярджаюць, што гэты праект дасьць магчымасьць забясьпечыць прысутнасьць студэнтаў на занятках, іншыя ж лічаць, што новаўвядзеньне моцна ударыць па і так пустому кашальку студэнтаў, паведамляе таджыкская служба Радыё Свабода.

У якім беларускім ВНУ Рахмонаў даведаўся пра такую практыку, рэктар не ўдакладніў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG