Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэрбіі зноў загаварылі пра саюз зь Беларусьсю


Мітынг прыхільнікаў сэрбскай радыкальнай партыі ў Бялградзе, 15 лістапада 2014
Мітынг прыхільнікаў сэрбскай радыкальнай партыі ў Бялградзе, 15 лістапада 2014

Воіслаў Шэшаль, кіраўнік ультранацыяналістычнай Сэрбскай радыкальнай партыі, заявіў, што Сэрбія патрабуе новай эканамічнай палітыкі і саюзу з Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам.

Шэшаль, абвінавачаны ў ваенных злачынствах Гааскім трыбуналам, выступіў 15 лістапада на мітынгу ў Бялградзе. Гааскі трыбунал выпусьціў Шэшаля з турмы на мінулым тыдні «з гуманітарных меркаваньняў». СМІ паведамляюць, што ў Шэшаля быў дыягнаставаны рак. За кратамі ён правёў больш як 11 гадоў.

Воіслаў Шэшаль на мітынгу ў Бялградзе абвінаваціў сваіх былых партыйных калегаў — цяперашніх прэзыдэнта Томіслава Нікаліча і прэм’ер-міністра Аляксандра Вучыча — у «здрадзе Сэрбіі» і заявіў, што надышоў час, каб абодва палітыкі адказалі за гэта перад народам.

Воіслаў Шэшаль выступае на мітынгу
Воіслаў Шэшаль выступае на мітынгу

«Я ня бачу ніякай магчымасьці, каб Шэшаль мог вярнуцца на сэрбскую палітычную сцэну, — сказала Гордана Кнезевіч, дырэктарка паўднёваславянскай службы Радыё Свабода. — Пакуль што ўсё гэта выглядае для мяне як вялікае відовішча. Але ягонае вяртаньне з Гаагі — вельмі нявыгаднае для Нікаліча і Вучыча. Ён лічыць іх здраднікамі і хоча, каб Сэрбія цалкам зьвязалася з Расеяй».

Наколькі моцная ахвота сярод сэрбаў зьвязацца з Расеяй?

«Ідэя сэрбска-расейскай еднасьці зьяўляецца часткай ідэалёгіі рамантычнага нацыяналізму ў Сэрбіі. Цяжка сказаць, колькі людзей выступае за гэтую ідэю і наколькі яна папулярная ў грамадзтве, але фактам зьяўляецца і тое, што Пуціна нядаўна віталі ў Бялградзе як караля. І цягам апошняга тыдня Сэрбія праводзіла вайсковыя вучэньні супольна з Расеяй. Сэрбскіх журналістаў нават не дапусьцілі да месца, дзе адбываліся тыя вучэньні. Толькі расейскім журналістам была дадзена магчымасьць паведамляць пра іх», — адзначыла Гордана Кнезевіч.

Варта нагадаць, што канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль падчас сустрэчы «вялікай дваццаткі» ў Брысбэне ў Аўстраліі выказала асьцярогі з нагоды магчымага распаўсюду ўкраінскага канфлікту на іншыя краіны і згадала ў гэтым кантэксьце Сэрбію.

«Я кажу ня толькі пра самую Ўкраіну. Для мяне размова ідзе і пра Малдову, і пра Грузію, і калі так далей пойдзе, то трэба спытаць сябе, ці ня варта задумацца Сэрбіі і заходнебалканскім дзяржавам аб сваёй бясьпецы? Усё, што робіць Расея, ніяк не стасуецца з нашай сыстэмай каштоўнасьцяў. Палітыка Пуціна пасьля жаху двух сусьветных войнаў і пасьля канца халоднай вайны ставіць пад пытаньне ўвесь эўрапейскі мірны парадак», — заявіла Мэркель.

Мітынг у Бялградзе
Мітынг у Бялградзе


Апошнія парлямэнцкія выбары ў Сэрбіі адбыліся ў сакавіку сёлета. Выбары зь вялікай перавага выйграла Сэрбская прагрэсіўная партыя Аляксандра Вучыча, які абяцаў выбарцам інтэграцыю Сэрбіі з Эўразьвязам. Аднак пасьля выбараў першым афіцыйным візытам Вучыча стала паездка ў Маскву.

«Нешта здарылася паміж выбарамі і момантам, калі Вучыч заступіў на сваю пасаду. Расеі неяк удалося паўплываць на яго, але мы ня ведаем — як», — сказала Гордана Кнезевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG