Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтавец наконт абвінавачаньня ў распаўсюдзе парнаграфіі: «Я проста няўдала пажартаваў»


Салігорская міліцыя выставіла абвінавачаньне ў распаўсюдзе парнаграфіі былому актывісту «Маладога фронту» Андрэю Тычыну. Ці прызнае́ ён віну?

Ад 2 да 4 гадоў зьняволеньня пагражае былому маладафронтаўцу з Салігорску Андрэю Тычыну, якога міліцыя абвінаваціла ў распаўсюдзе парнаграфіі праз інтэрнэт. Днямі Андрэю афіцыйна выстаўленае абвінавачаньне. «Сьледчы ня браў зь мяне падпіскі пра нявыезд, але папярэдзіў, каб я інфармаваў, калі зьбяруся выехаць з Салігорскага раёну», — паведаміў Андрэй Тычына карэспандэнту Радыё Свабода.

У справе фігуруюць 4 відэа, знойдзеныя на старонцы актывіста ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце». Сярод іх кліп на песьню «Wall-E» групы «Разьбітае сэрца пацана», у якім экспэртная камісія знайшла прыкметы парнаграфіі. Сам Андрэй прызнае за парнаграфію толькі адзін ролік, які ён скінуў праз інтэрнэт свайму сябру, таксама маладафронтаўцу Івану Шылу.

«Паводле заключэньня экспэртызы, у мяне „Ўкантакце“ аказалася 4 парнаграфічныя відэа. Што да трох відэа, то гэта былі проста жартаўлівыя відзікі, у тым ліку той кліп да песьні. На маю думку, там парнаграфіі няма. А адно відэа — прызнаю, што яно сапраўды парнаграфічнае. Яго ў жніўні я скінуў Івану Шылу, проста каб пасьмяяцца. Вось гэтак няўдала пажартаваў, прызнаю».

Як атрымалася, што міліцыянты зацікавіліся старонкай Андрэя Тычыны ў сацыяльных сетках? Сам ён згадвае пра ператрус пасьля таго, як улетку на ўезьдзе ў Салігорск невядомыя апазыцыянэры расфарбавалі ў бел-чырвона-белыя колеры знак гораду. Доказаў датычнасьці Тычыны да гэтай ды іншых акцыяў міліцыя не знайшла, але на ягонай старонцы «Ўкантакце» сьледчыя ўбачылі відэа і здалі на экспэртызу паводле падазрэньняў у парнаграфіі, кажа былы актывіст пра датычнасьць палітыкі да крымінальнага перасьледу.

Андрэю Тычыну 23 гады, ён працуе электрыкам у мясцовым шпіталі. Пра сваю палітычную актыўнасьць гаворыць у мінулым часе:

«Раней быў актыўны, але ўжо 4 гады як мінулі прэзыдэнцкія выбары, ні ў чым ня ўдзельнічаю. Але ўсё роўна пра мяне не забываюцца. Вось як Лукашэнка ў Салігорск прыяжджаў, дык мяне напярэдадні забіралі і трымалі ў міліцыі, пакуль ня зьедзе. І дагэтуль лічаць, што гэта я магу быць вінаваты ў графіці ці ў вывешваньні сьцягоў».

Пра далейшы лёс сваёй крымінальнай справы Андрэй ведае толькі тое, што сьледчым трэба ўзяць паказаньні як у сьведкі ў жыхара Салігорску Івана Шылы. «Аднак ня ведаю, як гэта будзе, бо Іван цяпер за мяжой», — заўважае Андрэй Тычына.

Праваабаронца зь «Вясны» Павал Сапелка гэтак пракамэнтаваў абвінавачаньне Андрэя Тычына ў распаўсюдзе парнаграфіі:

«На маю думку, гэты кліп не адпавядае агульнапрынятаму вызначэньню парнаграфіі як дэманстрацыі палавых органаў і палавога акту з мэтай выклікаць сэксуальнае ўзбуджэньне. Для мяне цалкам зразумела, што мэтай гэтага кліпа такое не было».

Паводле досьведу былога адваката Паўла Сапелкі, за злачынства, якое інкрымінаванае Андрэю Тычыне, суд можа абмежавацца ўмоўным пакараньнем.

Атрымаць камэнтар ад прадстаўнікоў групы «Разьбітае сэрца пацана» не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG