Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўская: Вольга пазваніла з турмы і сказала, што едзе дадому


Вольга Класкоўская
Вольга Класкоўская

Маці арыштаванай на 7 гадоў у Швэцыі беларускі Людміла Класкоўская чакае «вырашэньня тэхнічнага боку пытаньня перадачы яе дачкі беларускім уладам» і спадзяецца пабачыць Вольгу ў аэрапорце, калі будзе адбывацца тая перадача. З прычыны бюракратычных працэдур адбыцца гэта можа празь некалькі месяцаў.

У жаночай турме гораду Істад, дзе адбывае пакараньне Вольга Класкоўская, паведамілі, што ня могуць ні пацьвердзіць, ні абвергнуць інфармацыю пра магчымую экстрадыцыю Вольгі Класкоўскай у Беларусь:

«Ня важна, як вы зьвернецеся ў нашу ўстанову — праз тэлефон ці лістом, — мы ня можам даць вам аніякай інфармацыі».

Пра тое, што Вольгу могуць вывезьці ў Беларусь, нічога ня ведае і яе адвакат Томас Нільсан — ён не кантактаваў з Вольгай з часоў апэляцыйнага суду, які год таму зьменшыў ёй пакараньне з 8 да 7 гадоў:

«У мяне няма інфармацыі пра экстрадыцыю. Я не кантактаваў зь ёю з таго часу, як адбываліся судовыя паседжаньні. Іншая справа, што я і ня маю права распаўсюджваць такога роду інфармацыю», — сказаў Томас Нільсан Свабодзе.

Тым часам маці Вольгі Класкоўскай Людміла Класкоўская не губляе спадзеваў, што празь месяц ці два дачка вернецца ў Беларусь:

«Я зьвярнулася ў Генэральную пракуратуру Беларусі, Міністэрства замежных спраў Беларусі і Вярхоўны суд. Але падкрэсьліваю, што гаворка не вядзецца пра вызваленьне Вольгі. Мы ведаем, што Вольга будзе сядзець у Беларусі. Але тут мы з унучкай Міраславай зможам яе адведваць».

Прэс-сакратар Генэральнай пракуратуры Пётар Кісялёў сказаў Свабодзе, што «інфармацыя пра Вольгу Класкоўскую зьяўляецца службовай, і паколькі закранае інтарэсы канкрэтных людзей, для распаўсюду яна не прызначаная».

Людміла Класкоўская лічыць, што ў Беларусі ўлады больш па-чалавечы паставяцца да сытуацыі, у якую трапіла яе дачка, і ў Вольгі зьявіцца шанец на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ці скарачэньне тэрміну:

«Волечка вельмі задаволеная. Пазаўчора яна пазваніла мне, і першая фраза, якую я ад яе пачула, была: „Я еду дадому і згодная сядзець у беларускай турме“. Свая радзіма — гэта свая радзіма, свая турма — гэта свая турма. І тут ёсьць пэрспэктывы на вызваленьне. У Швэцыі няма ніякіх пэрспэктыў, бо яна там чужынка».

Паводле Людмілы Класкоўскай, цяпер улады Швэцыі і Беларусі абмяркоўваюць тэхнічныя бакі экстрадыцыі, гэты працэс можа заняць некалькі месяцаў:

«У Генэральнай пракуратуры мне паведамілі, што супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі па яе паедуць у Швэцыю. У Менску яна будзе дастаўленая ў СІЗА, дзе будзе чакаць рашэньня беларускага суду, які будзе адаптоўваць рашэньне суду Швэцыі. Далейшы лёс Вольгі залежыць ад дзеяньняў беларускіх уладаў. Мы вельмі спадзяёмся, што наша судовая ўлада разьбярэцца ў яе трагедыі па-чалавечы».

Старэйшая дачка Вольгі Класкоўскай Міраслава цяпер жыве ў Беларусі ў сям’і свайго бацькі. Сын Вольгі Адам, імаверна, знаходзіцца ў сям’і свайго бацькі, аднак дакладнай інфармацыі пра ягоны лёс няма. Вольга Класкоўская зь ім ня бачылася.

Грамадзянку Беларусі Вольгу Класкоўскую затрымалі ўвесну 2013 году ў швэдзкім горадзе Ханінге па падазрэньні ў замаху на забойства былога мужа. У жніўні 2013 году стакгольмскі суд прызнаў Класкоўскую вінаватай у замаху на забойства былога мужа Гёкая Безгіна. Яе асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня, якое яна адбывала ў жаночай турме асабліва строгага рэжыму ў Істадзе на поўдні Швэцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG