Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці застанецца Мясьніковіч прэм’ерам да выбараў?


Міхаіл Мясьніковіч.
Міхаіл Мясьніковіч.

Ці азначае крытыка Лукашэнкам ураду хуткую адстаўку прэм’ера Мясьніковіча? Наколькі кепскі стан беларускай эканомікі? Ці будуць улады падвышаць заробкі ў год выбараў? Чаму Лукашэнка супраць датэрміновых выбараў? Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксандар Аўтушка-Сікорскі і публіцыст і паліттэхноляг Аляксандар Фядута.

Юры Дракахруст.
Юры Дракахруст.

Дракахруст: На гэтым тыдні прэзыдэнт Лукашэнка правеў урадавую нараду, на якой дашчэнту раскрытыкаваў працу ўрадоўцаў. Падобныя разносы ня рэдкасьць у беларускай палітычнай практыцы, але ці не была нарада на гэтым тыдні нечым асаблівым? Давайце па парадку. На ваш погляд, ці сапраўды стан эканомікі такі кепскі? Прыгадваецца анэкдот: грошы — рэч такая, іх ці няма, ці зусім няма. Дык вось у Беларусі зараз грошай няма ці зусім няма?

Аўтушка-Сікорскі: Практыка крытыкаваць урад, а затым адпраўляць яго ў адстаўку, абвінавачваючы ў эканамічных і сацыяльных праблемах, дастаткова ўстойлівая ў нашай краіне. Не заўсёды гэта адбывалася перад выбарамі. Грошай зараз хутчэй амаль няма, чым цалкам няма. Зараз незразумела, што будзе з каньюнктурай на зьнешнім рынку, незразумела, што будзе адбывацца з Расеяй, якая зьяўляецца вялікім рынкам збыту для нас. Таму я бачу ў гэтым падрыхтоўку да адстаўкі ўраду, якая можа здарыцца ў 2015 годзе. Адстаўка ўраду калі і будзе, то яна будзе накіраваная не на тое, каб узьняць рэйтынг Аляксандра Рыгоравіча, але для таго, каб пазбавіць яго ад прад’яўленых прэтэнзій насельніцтва з-за надзённых эканамічных праблем.

Дракахруст: А пра што сьведчаць прафэсійныя ацэнкі эканамістаў? Заявы пра крах і каляпс мы чулі гадамі. Хаця зь іншага боку, катастрофа 2011 году таксама была. Ці блізкая Беларусь да яе зараз?

Аляксандар Аўтушка-Сікорскі.
Аляксандар Аўтушка-Сікорскі.

Аўтушка-Сікорскі: Зараз адбываецца назапашваньне дысбалянсаў. У гады пасьля каляпсу 2011 году макраэканамічная грашовая палітыка была даволі мяккай. І дысбалянсы назапасіліся, як яны назапасіліся да канца 2010 году, калі былі паднятыя заробкі і быў зроблены вельмі моцны ціск на курс рубля. Аднак менавіта цяпер прычын для таго, каб біць трывогу, пакуль яшчэ няма. У нас добры тавараабмен з Эўразьвязам і казаць аб поўным краху эканамічнай сыстэмы ў дадзены момант не даводзіцца.

Дракахруст: Аляксандр Фядута, якая ваша ацэнка? Нарада на гэтым тыдні — гэта спэктакль, які сканчаецца адстаўкай, ці гэта адлюстраваньне сапраўды катастрафічнага стану эканомікі?

Аляксандар Фядута.
Аляксандар Фядута.

Фядута: Я таксама падтрымліваю спадара Аўтушку-Сікорскага ў тым, што стан сапраўды не катастрафічны, і ніхто не зьбіраецца адпраўляць нікога ў адстаўку, у тым ліку і спадара Мясьніковіча, у бліжэйшы час. Хутчэй за ўсё гэта будзе прэм’ер-міністар, зь якім Аляксандр Лукашэнка пойдзе на выбары і той прэм’ер-міністар, зь якім ён пераможа. Пасьля гэтага Міхаіла Ўладзіміравіча, мажліва, адправяць у цалкам заслужаны ім адпачынак без усялякіх разносаў і ганьбаваньня. Я зараз завастрыў увагу на тым, што зараз адбываецца ў вышэйшым эшалёне ўлады Беларусі, ў кантэксьце нядаўняга выступу прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Ён зьвярнуўся да сваіх выбаршчыкаў з прамовай, у якой казаў, што наперадзе вельмі жорсткія часы і патрэбная кансалідацыя, у тым ліку і ў эканамічным пляне. Я думаю, што зварот беларускага прэзыдэнта да ўраду — гэта аналягічны мэсыдж да электарату, што часы будуць вельмі цяжкія. І тое, што нават дазволілі паказаць па БТ пэўныя супярэчнасьці паміж пэўнымі асобамі ва ўрадзе, у нацбанку, у адміністрацыі прэзыдэнта — гэта ўсё да гэтага мэсыджу пра цяжкія часы наперадзе.

Дракахруст: Месяц таму Аляксандар Лукашэнка заявіў, што чарговыя прэзыдэнцкія выбары пройдуць у тэрмін, у лістападзе, маўляў, ня будзем падманваць людзей. На гэтым тыдні старшыня ЦВК Ярмошына назвала канкрэтную дату — 15 лістапада 2015 году. Выбары прыгадваў на нарадзе і Лукашэнка: «Нягледзячы на тое, што 2015-ты — палітычны год, будзем зыходзіць з рэаліяў. Нам галоўнае — захаваць той узровень, які ёсьць на сёньняшні дзень. Ніякіх абяцаньняў пад выбары, ніякіх выплат пад выбары быць не павінна!» А ці сапраўды не павінна? Здаецца, раней перад выбарамі дзяржава дэманстравала надзвычайную шчодрасьць. Ды і ня толькі беларуская, так званы палітыка-дзелавы цыкль — звычайная рэч шмат у якіх краінах. Варта нагадаць, што сёлета за 9 месяцаў рэальны заробак вырас на мізэрныя 0.8%. Дык і ў наступным выбарчым годзе расьці ня будзе? Маўляў, і так ясна, каму дзяржавай кіраваць, нашто ж грошы на «народзец» траціць? Ці заява кіраўніка дзяржавы азначае нешта іншае?

Фядута: Не, я думаю, што ўсе будзе добра, і грошы Аляксандр Рыгоравіч

Крамлю зараз зусім не патрэбная дэстабілізацыя ў Беларусі

знойдзе. Прычым, знойдзе, як заўжды, на Ўсходзе, таму што Крамлю зараз зусім не патрэбная дэстабілізацыя ў Беларусі, бо ён ня ведае, як выйсьці з украінскай сытуацыі. Бо калі сытуацыя дэстабілізуецца, можа спраўдзіцца мара Ежы Гедройца пра балта-чарнаморскі шлях да самастойнасьці ўсяго нашага рэгіёну. Я думаю, што і Захад цалкам не зацікаўлены ў дэстабілізацыі ў Беларусі, таму што да Лукашэнкі яны прызвычаіліся, а калі ён сыдзе, то хто будзе, што будзе? Зразумела, што не апазыцыя будзе. Захад вельмі не жадаў бы правакаваць Расею на нейкія нечаканасьці з прычыны неадэкватных ацэнак сытуацыі ў Беларусі.

Дракахруст: Вы лічыце, што грошы будуць, як і раней было? Мы памятаем 2010 год, калі на 15% вырасьлі даходы, і чым гэта ў 2011 годзе скончылася. Але навошта Лукашэнка гаварыць зараз такія рэчы? Звычайна раней за год перад выбарамі гаварылася, што мы ўсё зробім, спасылаліся на рашэньні Ўсебеларускага народнага сходу, дзе зацьвяржаліся высокія тэмпы росту рэальных даходаў. Сёлета заробкі вырасьлі на 0,8%, гэта фактычна нулявы рост. Наступны год — таксама нулявы рост? Калі не, то навошта зараз гаворацца такія рэчы, маўляў, у наступным годзе мы вам нічога не дадзім?

Фядута: Раней канцэпцыя была такая: «Ўсё добра — будзе яшчэ лепей». А зараз канцэпцыя зьмянілася: «Ўсё было добра — не было б горш». І калі зараз атрымаецца, што будзе лепей, то, вось, думалі, што будзе горш, а атрымалася лепей, «бацька», як заўсёды, зрабіў «чотка». А калі будзе горш, то папярэджвалі ж, што так будзе, але гэта залежала не ад нас, а ад каньюнктуры, якая склалася на рынку — на нафтапрадукты кошты зьнізіліся, Расея не дала грошаў, Захад не пусьціў на свае рынкі беларускую прадукцыю. І мы ж папярэджвалі, усё будзе слушна, Лукашэнка сапраўды сказаў, што нічога не будзе хаваць ад народа.

Дракахруст: Аляксандар Аўтушка-Сікорскі, вы некалькі гадоў таму публікавалі артыкул, у якім давалі бібліяграфію і аналіз палітыка-дзелавых цыкляў у самых розных краінах сьвету. Сэнс гэтых цыкляў палягае ў тым, што ўлады як бы падганяюць пік дабрабыту пад выбары. Гэта адбываецца і ў дэмакратычных і ў недэмакратычных краінах. Так было ў Беларусі і ў 2001, і ў 2006, і ў 2010 гадах. 2015 год таксама будзе годам напампоўваньня прынамсі рэальнага заробку?

Аўтушка-Сікорскі: Я абсалютна згодны з Аляксандрам Фядутам: калі атрымаецца, то добра, калі не, то мы вас папярэджвалі. Справа ў тым, што, на мой погляд, Лукашэнку не варта баяцца рабіць такія заявы ў гэты раз. Калі глядзець апошнія дасьледаваньні таго, што называецца «сацыяльнымі кантрактамі», то яны зараз рэдукаваныя да вельмі

Лукашэнка можа абвясьціць, што ён прадухіліў нейкую небясьпеку і выпрабаваньне

базавага і простага патрабаваньня, усё, чаго хочуць грамадзяне,— каб не было вайны. Палітыка-дзелавы цыкль можа дзейнічаць на фоне падзеяў ва Ўкраіне і без напампоўваньня заробкаў. І, калі глядзець на досьвед іншых краін, у першую чаргу аўтарытарных, то ў межах палітыка-дзелавога цыклю некаторыя рэчы могуць адбывацца спарадычна і разава. Калі не здарыцца нешта пазытыўнае, як, напрыклад, рост заробкаў, то Лукашэнка можа абвясьціць, што ён прадухіліў нейкую небясьпеку і выпрабаваньне ці адклаў альбо адхіліў непапулярнае рашэньне. І гэта можа спрацаваць. Усё ж моцна падвышаць заробкі ў наступным годзе рызыкоўна — грошай усё ж такі замала, у нас сьціскаецца рынак у Расеі, падаюць цэны на нафту, а мы вельмі шмат зарабляем на перапродажы нафтапрадуктаў.

Дракахруст: Месяц таму Лукашэнка казаў, што яму з розных бакоў падкідаюць ідэю правесьці прэзыдэнцкія выбары датэрмінова. І сапраўды з пункту гледжаньня ўлады гэта мела б сэнс: рэйтынг Лукашэнкі пад уплывам падзеяў ва Ўкраіне расьце, адразу пасьля ўступленьня ў дзеяньне Эўразійскага саюзу расейцы будуць ставіцца да яго дружалюбна. Што будзе з гэтымі чыньнікамі ў лістападзе — невядома. Тым ня менш — 15 лістапада. Чаму?

Аўтушка-Сікорскі: Тут мне бачыцца, што ўлада пайшла на пэўную долю рызыкі, прызначыўшы выбары своечасова. Зь іншага боку, магчыма, некаторыя прэфэрэнцыі можна будзе выбіць ад Расеі, напрыклад, мыта на вываз нафты. І таксама важны фактар, які ўплывае на рашэньне — гэта пацяпленьне стасункаў паміж Беларусьсю і ЭЗ. Калі правесьці выбары датэрмінова, то ёсьць рызыка пагоршыць адносіны з Эўропай, не атрымаць ад яе нейкія эканамічныя выгоды, на якія беларуская ўлада можа спадзявацца, калі выбары пройдуць у тэрмін.

Дракахруст: Аляксандр Фядута, як вы тлумачыце гэтае рашэньне? Зараз сапраўды ёсьць набор спрыяльных чыньнікаў: рост рэйтынгу ў сувязі з Украінай, часовая зьмена прыярытэтаў, на першым месцы — пытаньні бясьпекі, на другім — эканоміка. Яшчэ адзін чыньнік — тое, што Расея ў сувязі з падпісаньнем дамовы аб Эўразійскім саюзе псыхалягічна ня зможа рабіць нейкія кепскія рэчы, а наадварот будзе вымушаная рабіць падарункі. У лістападзе ўсё гэта будзе пад пытальнікам. Аляксандр Аўтушка-Сікорскі сказаў, што з Эўропай можна кантактаваць — але гэта таксама пад пытальнікам. А вось эканоміка — не пад пытальнікам. Вы абодва кажаце, што ў стан эканоміцы не катастрафічны, але выціскаць 15% за год — гэта складана ў цяперашніх умовах. Якой вы бачыце лёгіку Аляксандра Лукашэнкі? Магчыма, яна і ёсьць, але ў чым?

Фядута: У адрозьненьні ад шмат якіх калегаў па СНД Аляксандр Лукашэнка — чалавек, які ўмее чакаць. Ён ведае, што сытуацыя мяняецца насамрэч, але не так хутка, каб нешта зьмянілася сапраўды.

Аляксандр Лукашэнка — чалавек, які ўмее чакаць

Сьвядомасьць людзей мяняецца паволі. А эканоміка можа мяняцца хутка, але мы ведаем, што эканамічныя працэсы і ўзровень дабрабыту наўпрост не зьвязаны з палітычным выбарам беларусаў. Пра гэта казалі ўсе дасьледчыкі, і ў тым ліку НІСЭПД пра гэта час ад часу нагадвае. На мой погляд, Аляксандр Рыгоравіч не бачыць сёньня той пагрозы, якая можа быць у наступным годзе. Калі эканоміка пойдзе на спад сапраўды, то беларусы, прабачце, яны, як прусакі, іх толькі дустам травіць не спрабавалі. І Лукашэнка разумее, што людзі паспрабуюць чакаць 2-3-4 месяцы, людзі будуць цярпець. Навошта яму сьпяшацца? Напэўна наступны тэрмін будзе ягоным апошнім тэрмінам, ён сапраўды казаў, што стаміўся, ён бы і зараз, на мой погляд, магчыма, не ішоў бы на чарговыя выбары, але палітычная кан’юнктура Беларусі склалася так, што ён проста не можа не выйграць, а калі ты не можаш не выйграць, трэба ісьці, і ён гэта разумее. Што б мы сёньня не казалі, але катастрофы на Беларусі ня будзе, а калі ня будзе, то ён перамагае.

Дракахруст: Аляксандр, вы ўжо пачалі пра гэта казаць, магчыма ў Аляксандра Лукашэнкі крыху зьмянілася стаўленьне да выбараў, да ўсяго гэтага працэсу, бо раней паводзіны ўлады былі такія, што выбары як бы ёсьць. Гэтым можна было патлумачыць і падвышэньні заробкаў перад выбарамі, і маніпуляцыі з тэрмінамі іх правядзеньня. А можа зараз да гэтага будзе стаўленьне, якое адкрывае рэальны мэханізм, маўляў, нікуды вы, беларусы, не падзенецеся, усё роўна за мяне прагаласуеце, да таго ж Лідзія Ярмошына сваю справу ведае. Таму не буду я ўжо так глуміць сабе галаву, бо ўсё роўна нічога не зьменіцца. Магчыма, ён так і разважае, але гэта даволі дзіўная сьмеласьць на фоне «арабскай вясны» і Эўрамайдану. Вось вы, Аляксандар Фядута, кажаце, што нічога не зьменіцца, Лукашэнка выйграе. Ведаеце, Мубарак таксама лічыў, што нічога не зьменіцца. І Януковіч так лічыў. Яны пралічыліся. Лукашэнка не баіцца пралічыцца?

Фядута: Не, не баіцца. Не толькі таму, што беларусы — не ўкраінцы і не арабы, але яшчэ і таму, што няма ніякай сілы, якая супрацьстаяла б сапраўды Лукашэнку. Беларуская апазыцыя — гэта не тая мусульманская апазыцыя, якая дзейнічала ў арабскіх краінах падчас «арабскай вясны».

Каб сапраўды адбыўся Майдан, то трэба, каб у масы беларусаў прачнулася пачуцьцё нацыянальнай годнасьці.

Гэта значна слабейшая структура, якая не мае моцнага ўплыву, які мелі ісламскія групоўкі. Па-другое, прабачце, каб сапраўды адбыўся Майдан, то трэба, каб у масы беларусаў прачнулася пачуцьцё нацыянальнай годнасьці. На жаль, гэтага ня бачна, на жаль мы знаходзімся на той стадыі, на якой узровень самасьвядомасьці вызначаецца ўзроўнем запасаў, якія знаходзяцца ў нашых лядоўнях. Запасы крыху ёсьць і да лістападу наступнага году іх хопіць.

Дракахруст: Аляксандар Аўтушка-Сікорскі, які ваш адказ? Можа сапраўды прырода гэтага цыклю зьмянілася з псыхалягічных прычынаў? Магчыма, Лукашэнка і сапраўды думае, што што б ён ні рабіў, усё роўна выйграе, нават можа ў сьпячку ўпасьці зараз, прачнуцца праз год 15 лістапада і атрымаць свае 90%, як ён кажа. Магчыма, пустата гэтага рытуалу ўжо стала такой, што яе і хаваць ня трэба: выбараў няма.

Аўтушка-Сікорскі: Я не думаю, што з боку Лукашэнкі ёсьць такое грэбаваньне выбарчым працэсам. Неабачлівай гатоўнасьці ісьці на такія рызыкі без падрыхтоўкі раней за ім не назіралася.

Дракахруст: Падчас нарады прэм’еру Міхаілу Мясьніковічу дасталося хіба ня больш за ўсіх. Яму Лукашэнка сказаў: «Можа, і вы яшчэ з гэтым урадам можаце ня толькі патроны падносіць, але і кулямёт у руках трымаць». Таксама было абвешчана пра зьмены ў складзе ўраду. Ці азначае гэта, што ў хуткім часе ў краіне будзе новы прэм’ер? Якімі на ваш погляд будуць маштабы кадравых зьменаў ва ўрадзе? І ў якой ступені ў беларускай палітычнай сыстэме ўрад і яго кіраўнік могуць служыць громаадводам народнага незадавальненьня?

Фядута: Ведаеце, калі я працаваў у «Беларускай дзелавой газэце», у мяне пэўны час быў звычай: я кожны дзень прыходзіў на працу і пытаўся ў калегаў, ці пасадзілі Мясьніковіча ў турму. Яны адказвалі,

Мясьніковіч — гэта чалавек, які менш непакоіць і турбуе ўладу, калі ён знаходзіцца ў ёй, чым па-за яе межамі

што не, і я казаў, што зноў дзень згубіўся, пісаць няма пра што. Міхаіл Уладзімеравіч Мясьніковіч — гэта чалавек, які менш непакоіць і турбуе ўладу, калі ён знаходзіцца ў ёй, чым па-за яе межамі. І сёньня, калі эканоміка знаходзіцца ў ня надта добрым стане, навошта яшчэ пасылаць пэўныя мэсыджы беларускаму чынавенству, здымаючы з ганьбай, зь непавагай чалавека з такой чынавенскай біяграфіяй, як у Мясьніковіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG