Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: Бяляцкага — рэабілітаваць, «Вясну» — зарэгістраваць


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

У Камітэце па правах чалавека ААН прызналі, што Беларусь парушыла правы Алеся Бяляцкага, гарантаваныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У рашэньні сьцьвярджаецца, што ўлады Беларусі павінны перагледзець заяўку на рэгістрацыю праваабарончага цэнтру «Вясна» і зьняць судзімасьць з Алеся Бяляцкага.

«Рашэньне Камітэту па правах чалавека ААН было зроблена на індывідуальны зварот жонкі Алеся Бяляцкага ў адпаведнасьці з працэдурамі, прынятымі ў тым ліку і Рэспублікай Беларусь. У гэтым звароце быў выкладзены цэлы шэраг парушэньняў нашай краінай розных артыкулаў „Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах“, у тым ліку права на свабоду асацыяцыяў, на справядлівы судовы разбор і іншыя», — адзначае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Паводле высноваў Камітэту па правах чалавека ААН, беларуская дзяржава таксама парушыла права свабоды асацыяцыі, тройчы адмовіўшы заснавальнікам праваабарончага цэнтру «Вясна» ў дзяржаўнай рэгістрацыі на падставе нязначных неадпаведнасьцяў патрабаваньням Міністэрства юстыцыі, якія маглі быць выпраўленыя, калі б міністэрства дало заснавальнікам такую магчымасьць.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Паводле рашэньня Камітэту па правах чалавека ААН, асуджэньне Алеся Бяляцкага на працяглы тэрмін пазбаўленьня волі зьвязанае з парушэньнем Беларусьсю права грамадзянаў на асацыяцыі — менавіта тое, што праваабарончы цэнтар «Вясна» ня быў зарэгістраваны, прывяло да неабходнасьці яго кіраўніку мець рахунак за мяжой, куды міжнародныя партнэры пераводзілі сродкі на дзейнасьць арганізацыі.

У рашэньні пазначана, што ўлады Беларусі павінны перагледзець заяўку на рэгістрацыю праваабарончага цэнтру «Вясна» і зьняць судзімасьць з Алеся Бяляцкага.

«Рашэньне вельмі важнае. Яно мае прэцэдэнтны характар ня толькі для Беларусі, але і для праваабарончых арганізацыяў зь іншых краін. Цяпер мы будзем зьвяртацца ў Міністэрства замежных спраў з патрабаваньнем выкананьня гэтага рашэньня, а рашэньні Камітэту па правах чалавека ААН носяць абавязковы характар».

Валянцін Стэфановіч адзначыў, што важна як рэабілітаваць Алеся Бяляцкага, так і прызнаць легітымнасьць дзейнасьці Праваабарончага цэнтру «Вясна»:

«Гэта былі сыстэмныя парушэньні, якія пачаліся ад моманту пазбаўленьня рэгістрацыі, працягваліся ў адмовах рэгістрацыі, крыміналізацыі дзейнасьці незарэгістраваных арганізацыяў, і як вынік — асуджэньне старшыні за выкарыстаньне замежнай дапамогі на дзейнасьць арганізацыі. Таму для нас тут важна ўсё — і рэабілітацыя Алеся Бяляцкага, і легітымізацыя дзейнасьці „Вясны“», — даваў Валянцін Стэфановіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG