Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балыкін: прыцягнуць у Беларусь інвэстыцыі можна толькі расейскімі «шэрымі схемамі»


Казаць пра паляпшэньне дзелавога клімату ў Беларусі няма ніякіх падставаў, таму чакаць значнага павелічэньня прамых замежных інвэстыцыяў у беларускую эканоміку ў бліжэйшыя гады ня трэба.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказалі экспэрты.

Як паведамляе БелТА, міністар эканомікі Мікалай Снапкоў заявіў у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1», што на працягу бліжэйшых чатырох-пяці гадоў экспэрты прагназуюць у краіне ўздым інвэстыцыйнай актыўнасьці.

Снапкоў адзначыў, што Беларусь прывабная для замежнага інвэстара добрым кадравым патэнцыялам, інфраструктурай і стабільнасьцю. Паводле ягоных словаў, Беларусь для інвэстара — «гэта якраз тая пляцоўка, якая зьяўляецца максымальна камфортнай ня толькі для адкрыцьця бізнэсу, але і гарантуе, што ён у доўгай пэрспэктыве будзе пад надзейнай абаронай закону і дзяржавы».

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч у інтэрвію Радыё Свабода зьвярнуў увагу на тое, што Беларусь з году ў год правальвае пляны па прыцягненьні замежных інвэстыцыяў, бо ў краіне так і не адбыліся структурныя рэформы ў эканоміцы.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

«На сёньняшні момант такога аптымізму (як у Снапкова. — РС) у мяне няма, — кажа Багданкевіч. — Таму што няма рэформаў у эканоміцы, таму што інфляцыя вялізарная, таму што працэнтныя стаўкі па крэдытах, на што зьвяртаюць увагу будучыя інвэстары, вельмі высокія, таму што падаткаабкладаньне вельмі высокае. То бок аб’ектыўных умоваў для моцнага прытоку інвэстыцыяў няма. У той жа час улады могуць пачаць прыватызацыю і такім шляхам прыцягнуць інвэстыцыі, перш за ўсё з Расеі. Таму ў нейкіх невялікіх аб’ёмах шанцы (павялічыць аб’ёмы замежных інвэстыцыяў. — РС) заўсёды ёсьць».

Кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін лічыць, што сёньня няма ніякіх падставаў казаць пра тое, што Беларусь становіцца больш прывабным месцам для замежных інвэстараў. Таму павелічэньне інвэстыцыяў можа адбыцца толькі фармальна, за кошт нейкіх «шэрых схемаў» з удзелам Расеі.

Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін

«Пакінем гэтую заяву на сумленьні спадара Снапкова. Зразумела, калі лічыць у беларускіх рублях, якія заўсёды падаюць, то празь беларускія рублі ў статыстыцы можна будзе адлюстраваць і нейкае павелічэньне інвэстыцыяў.

Таксама чакаць павялічэньня замежных інвэстыцыяў можна з-за таго, што ў Расеі складаная эканамічная сытуацыя, Расея абмяжоўвае пастаўкі замежнай прадукцыі на свой рынак, і дзеля таго каб пастаўляць эўрапейскую прадукцыю пад выглядам беларускай, могуць быць створаныя нейкія камэрцыйныя структуры, якія будуць фармальна зарэгістраваныя на беларускай тэрыторыі, але насамрэч па нейкіх схемах пастаўляць эўрапейскую прадукцыю.

Калі казаць пра павелічэньне інвэстыцыяў з-за таго, што ў Беларусі паляпшаецца дзелавы клімат, то пра гэта гаворка не ідзе. Я ня бачу падстаў, каб замежныя інвэстары ўбачылі большую прывабнасьць Беларусі ў параўнаньні з тым, што было раней. Наадварот, у нас пагаршаецца падатковае заканадаўства, у нас пагаршаецца заканадаўства ў кантрольнай дзейнасьці і пагаршаецца практыка прымяненьня гэтых законаў.

Таму я ня бачу падставаў, каб Беларусь станавілася больш прывабнай. Але з-за таго, што наша краіна можа ўдзельнічаць у нейкіх схемах паставак у Расейскую Фэдэрацыю, магчыма, фармальна нешта і адбудзецца», — адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода Сяргей Балыкін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG