Экстранае паседжаньне Рады бясьпекі ААН адбылося 12 лістапада на просьбу ЗША. Прычынай сталіся навіны пра ўвод у захопленыя раёны Ўкраіны расейскіх войскаў, танкаў, артылерыі ды цяжкага ўзбраеньня.
Галоўнай тэмай дыскусіі была пагроза аднаўленьня поўнамаштабных баёў у захопленых прарасейскімі сэпаратыстамі раёнах Украіны.
Памочнік генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаньнях Енс Андэрс Тойбэрґ-Франдзэн адзначыў узмацненьне баявой напружанасьці ў зоне канфлікту. Паводле яго, адным з галоўных чыньнікаў, якія перашкаджаюць усталяваньню міру, зьяўляецца немагчымасьць забесьпячэньня кантролю на мяжы Ўкраіны і Расеі.
Прадстаўніца АБСЭ Хайдзі Тальявіні гаварыла пра незаконнасьць выбараў, якія зладзілі сэпаратысты 2 лістапада, пра «абуральныя парушэньні менскіх дамоўленасьцяў», калі падчас фармальнага перамір’я ідуць баі.
Пастаянная прадстаўніца ЗША пры ААН Саманта Паўэр адзначыла, што асноўная прычына канфлікту — гэта грубае парушэньне Расеяй сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Расея «кажа пра мір, а працягвае распальваць вайну», заявіла яна і паведаміла, што ЗША мае доказы таго, што ў Данбасе знаходзяцца войскі Расеі. Яна зьвярнула ўвагу, што менскія дамоўленасьці выконвае толькі Ўкраіна, а не Расея і сэпаратысты, якіх яна падтрымлівае.
Ніякіх рэзалюцый падчас сустрэчы Рады бясьпекі не разглядалі.