Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што Лукашэнка хоча прыкаваць кайданкамі кіраўнікоў Жлобінскага мясакамбінату


Падчас эканамічнай нарады з кіраўнікамі ўраду Аляксандар Лукашэнка гразіўся прыкаваць кайданкамі да імпартнага абсталяваньня тых, хто закупіў яго і не выкарыстоўвае па прызначэньні.

Найперш гэта тычыцца кіраўнікоў Жлобінскага мясакамбінату, дзе ўжо больш як два гады бязьдзейнічае імпартнае абсталяваньне для перапрацоўкі птушкі.

Пра закупленае Жлобінскім мясакамбінатам імпартнае абсталяваньне для цэху перапрацоўцы птушкі на нарадзе дакладваў старшыня Камітэту дзяржкантролю Леанід Анфімаў. Рэакцыяй кіраўніка дзяржавы й была пагроза прыкоўваць кіраўнікоў кайданкамі да такога абсталяваньня, калі яно ня будзе ўстаноўлена да Новага году.

Такую пэрспэктыву інжынэрная служба Жлобінскага мясакамбінату сустрэла досыць спакойна:

«Ды былі ў нас усе гэтыя праверкі — і даўно прайшлі. І рэспубліканскі Дзяржкантроль быў. Усё, рашэньне ўжо прынята. Ня ведаю, можа, новы старшыня Дзяржкантролю нешта новае агучыў. Абсталяваньне ў нас забірае птушкафабрыка „Рассвет“. Месяц таму была нарада з удзелам губэрнатара, і прынята рашэньне абсталяваньне перадаць птушкафабрыцы „Рассвет“. У мінулым годзе наконт абсталяваньня быў у нас і міністар сельскай гаспадаркі. Таму рашэньне вось такое».

Але навошта было рабіць нейкія закупы, каб абсталяваньне пылілася на складзе, а пасьля перадавалася нейкаму іншаму прадпрыемству?

Галоўны інжынэр: «Закуплялі тыя дырэктары, якіх ужо няма. Вядома, хацелі будаваць цэх і ў сябе перапрацоўваць. Але тут зусім іншая праблема выявілася. Наша птушкафабрыка трапіла ў санітарна-ахоўную зону Беларускага мэталюргічнага заводу. Зачапіліся чамусьці толькі за адну Жлобінскую птушкафабрыку. У нашай рэспубліцы вельмі шмат абсталяваньня, якое ня ўведзена ў эксплюатацыю».

Пра так званы «губэрнатарскі пратакол даручэньняў» на дзяржаўнай птушкафабрыцы «Рассвет», якая месьціцца за сто кілямэтраў ад Жлобіна, у вёсцы Пясочная Буда Гомельскага раёну, пэўна ж, ведаюць. І, як кажа кіраўнік прадпрыемства, будуць яго выконваць, але толькі з захаваньнем усіх патрэбных у такім выпадку працэдураў:

«Гэтае абсталяваньне мне не перададзена. І больш за тое, нават яшчэ й не прапанавана. Ёсьць пратакол даручэньня губэрнатара, але ён павінен выконвацца пасьлядоўна. Вынікам гэтых даручэньняў, магчыма, і будзе перадача нам гэтага абсталяваньня. Але там ёсьць і такія рэчы: жлобінцам трэба спачатку зрабіць ацэнку гэтага абсталяваньня, а гэта ўжо невырашальная задача. Трэба таксама падрыхтаваць гэтае абсталяваньне для перадачы. Без рэвізіі я яго ніколі не вазьму. Яно ў іх амаль чатыры гады праляжала — там, пэўна, і мэмбранныя помпы сапсаваліся, і зь медных дэталяў штосьці расьцягнулі. Потым жа я не змагу яго запусьціць».

У свой час птушкафабрыку, што ў паселішчы Саланое, далучылі да Жлобінскага мясакамбінату і меліся нарошчваць тут вытворчасьць мяса птушкі. Дзеля гэтага й закупілі ў Нямеччыне абсталяваньне. Аднак ці то кадравая кругаверць, ці то нешта іншае не дазволіла ажыцьцявіць задуму.

Да таго ж з ініцыятывы мясцовых уладаў тут закрылі газавую кацельню, перавёўшы яе на адкіды драўніны. Без энэргетычных рэзэрваў стала праблемным пашыраць магутнасьць птушкафабрыкі. Не ўлічылі й экалягічнага фактару — санслужба пачала выстаўляць прэтэнзіі з прычыны парушэньня нарматыву ахоўнай зоны.

У выніку новае абсталяваньне на 2 мільёны эўра засталося ляжаць на птушкафабрыцы мёртвым грузам, да якога кіраўнік дзяржавы й патрабуе прыкаваць кайданкамі нядбайных кіраўнікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG