Кіраўніцтва Беларускай чыгункі выбачылася перад пасажырам з Магілёва Аляксеем Колчыным за пазнаку на квітку «маскоўскі час». У адказе на скаргу яму паведамілі, што на праязных дакумэнтах час суседняй краіны быў пазначаны памылкова і цяпер памылка выпраўленая.
«Сытуацыя для мяне была дзіўная, бо цягнік, якім я ехаў, быў беларускага курсаваньня, і прычым тут „маскоўскі час“?», — камэнтуе выбачэньні ад чыгункі Аляксей Колчын.
«Я напісаў скаргу, што мяне такія падыходы беларускай чыгункі абражаюць, і папрасіў выправіць гэтую недарэчнасьць. Выбачэньнямі я задаволены. Мо, насамрэч, адбылася нейкая памылка, але мне падаецца, што выбачэньні выглядаюць сымбалічнымі. Як яны пішуць у адказе — гэта лягічная „памылка“, і сапраўды, паколькі наша краіна так шчыльна прывязаная да Расеі, гэты „маскоўскі час“ абсалютна лягічны».
У беларускамоўным допісе перад Аляксеем Колчынам выбачаліся, за «прычыненыя нязручнасьці з указаньнем у праязным дакумэнце тэксту — „час маскоўскі“».
Як вынікае з адказу пасажыру, абсталяваньне, якое ажыцьцяўляе продаж праязных дакумэнтаў у Беларусі, распрацаванае расейскай чыгункай, а для яе эталённы час — маскоўскі. У лісьце гаворыцца, што паколькі «Расейская фэдэрацыя перайшла на зімовы час і ён супаў зь беларускім, то ў праграмным забесьпячэньні абсталяваньня адбылася лягічная памылка, якая на дадзены момант выпраўленая».