Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кошты падняліся, а заробкі — на ранейшым узроўні. Напэўна, з эканомікай трэба нешта рабіць»


«Як вы лічыце, ці ў правільным кірунку разьвіваецца беларуская эканоміка? Як апошнім часам мяняецца эканамічны стан вашай сям’і?» На гэтыя пытаньні адказваюць жыхары Гомеля.

Спадар: «Эканамічнае становішча ў межах нормы. Заўсёды былі праблемы — яны і будуць, у тым ліку і з грашыма. Эканоміка стабільная. Кантакт з Расеяй шчыльны. Сельская гаспадарка працуе. Ураджай нармальны, і жывёлагадоўля на ўзроўні. Экспарт ідзе. Гомсельмаш — складана сказаць. Вядома, эўрапейскі ўзровень ім складаней даганяць па тэхніцы. Але ж машыны ўсё адно ў Расею ідуць».

Спадарыня: «Жывём, як і жылі. Слава Богу! Вунь з Расеі ўчора прыехала суседка і кажа: „Жах!“ А мы добра жывём».

Спадар: «У прынцыпе, не памянялася. Нават крыху, можа, і лепш. Адносна даляра сталі крышачку болей атрымліваць. У нас асабліва й варыянтаў няма, каб разьвівацца. Мы заўсёды ў даўгах. У Японіі людзі іншыя — яны прывыклі працаваць. А ў нас палова — халтураць».

Спадар: «Ніяк не зьмянілася — ня горш і ня лепш. Няправільна. Трэба прыватнікам даць болей свабоды».

Спадарыня: «Нашмат горш. Заробкі сталі маленькімі. Кошты вырасьлі, а заробкі не падняліся. У бюджэтнай сфэры наагул ня вырасьлі. Нашмат горш стала. Цяпер менш купляеш тавару на тыя грошы, якія атрымліваеш. Напэўна ж, усюды крызіс — і ў нас крызіс».

Спадар: «Калі ў сям’і, то ніяк не зьмянілася. Наагул ніяк».

Спадарыня: «У мяне пэнсія мільён 790 тысяч. Дабаўка 5 адсоткаў — гэта 90 тысяч. 90 тысяч — гэта нішто, бо цэны ў крамах растуць хутчэй, чым наша пэнсія. Я ня бачу, каб мая сям’я жыла лепей. Не!»

Спадар: «Сяльмаш» прастойвае, «Ратон» стаіць. У нас замежнае прадпрыемства «Алкапак» — скарачэньні«.

Спадарыня: «Горш. Кошты падняліся, а заробкі — на ранейшым узроўні. Напэўна, з эканомікай нешта трэба рабіць».

Спадар: «З вытворчасьцю нешта трэба рабіць. Выпускаем адно, а трэба, відаць, іншае. Павінны працаваць тэхнолягі, мазгі павінны працаваць. І ня толькі ва ўрадзе, але і дырэктары, інжынэры. Бальшыня прадпрыемстваў — яны толькі існуюць, яны ва ўпадкавым стане».

Спадарыня: «Звычайна, але гэта — дзякуючы дзецям. За кватэру трэба шмат плаціць. Цяпер лекуюся. Лекаваньне, як правіла, платнае. Пігулкі, працэдуры — усё плаціць. Прыкладна ўся мая пэнсія. Трэба даць магчымасьць сярэднім слаям насельніцтва працаваць у поўную сілу. Каб яны атрымлівалі столькі, колькі змогуць, каб забясьпечыць сабе годную будучыню. Гэта дапаможа нашай краіне стаць лепшай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG