Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпалкоўнік Казлоў: У справе трагедыі на вуліцы Гая міліцыянты выявілі злачынны непрафэсіяналізм


Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Бязьдзейнасьць міліцыянтаў прывяла да трагедыі, і яны абавязкова будуць пакараныя, — лічыць падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў.

«Для любога чалавека, які думае, такая сытуацыя павінна стаць падставай для неадкладных дзеяньняў. А людзі, якія маюць уладу і магчымасьці, як міліцыянты, проста абавязаныя былі гэта зрабіць, — кажа падпалкоўнік.

8 лістапада ў Менску кіроўца «Audi A8» разьбіў 5 аўтамабіляў, у выніку чаго два чалавекі загінулі. Незадоўга да гэтага дома ён нанёс некалькі нажавых раненьняў сваёй жонцы і двум дзецям, а за два дні — прыйшоў у дзіцячы садок, дзе пагражаў выхавацельцы і бацькам дзяцей нажом.

Дзеяньні міліцыі, чатыры нарады якой прыбылі праз 10 хвілін у дзіцячы садок, але не затрымалі мужчыну, ацаніў Мікалай Казлоў, падпалкоўнік запасу.

Падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў
Падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў

«Калі разглядаць гэтую сытуацыю схематычна, ня ведаючы падрабязнасьцяў, мы ўбачым абсалютную адсутнасьць прафэсіяналізму ў дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі. Нават не юрыст і не міліцыянт расцэніць дзеяньні мужчыны з нажом як пагрозу забойствам ці нанясеньнем цялесных пашкоджаньняў. Мы ж бачым, што і выхавацелі, і бацькі, калі хаваліся і трымалі дзьверы, абсалютна дакладна разумелі, што іх хочуць забіць ці пакалечыць. Таму ў міліцыі былі падставы, каб зрабіць усе магчымыя захады для затрыманьня гэтага чалавека, разбору і завядзеньня крымінальнай справы. Гэтаксама дзіўна чуць і тое, што міліцыя ня трапіла ў кватэру да мужчыны, пасьля таго як ён пагражаў нажом у дзіцячым садку. Калі б была хоць кропля прафэсіяналізму і разуменьня сытуацыі, то міліцыянты б абавязкова затрымалі такога чалавека. Калі б міліцыя спрацавала хутка, пракваліфікавала і завяла крымінальную справу, не было б ніякіх праблемаў», — сказаў Мікалай Казлоў, які служыў у Менску старшым упаўнаважаным па асабліва важных справах крымінальнага вышуку.

Паводле Мікалая Казлова, сказаць, што сытуацыя — мужчына з нажом у дзіцячым садку — паставіла міліцыянтаў у тупік сваёй нетыповасьцю, нельга:

«Проста няма элемэнтарнай адэкватнасьці ў ацэнцы сытуацыі. Чаму — мне складана патлумачыць. Але мне здаецца, што для любога чалавека, які думае, такая сытуацыя павінна стаць падставай для неадкладных дзеяньняў. А людзі, якія маюць уладу і магчымасьці, як міліцыянты, проста абавязаныя былі гэта зрабіць. Мужчыну з нажом трэба было затрымліваць у дзіцячым садку любым спосабам — у міліцыі гэтых спосабаў дастаткова. Трэба было ў працэсе размовы, падчас разбору і сьледчых дзеяньняў высьветліць, наколькі ён адэкватны. Але міліцыянты гэтага не зрабілі, што і пацягнула за сабой трагедыю ў сям’і. Бязьдзейнасьць міліцыі і трагедыя — узаемазьвязаныя рэчы».

Нягледзячы на тое, што міліцыянты часта беспакарана займаюцца фальсыфікацыяй фактаў пры палітычна матываваных затрыманьнях, у дадзеным выпадку супрацоўнікі органаў аховы парадку, якія прыбылі ў дзіцячы садок на выклік выхавацелькі, будуць пакараныя, лічыць Мікалай Казлоў:

«Калі гаворка ідзе пра нейкія палітычныя моманты, міліцыя паводзіць сябе такім чынам, што ўзьнікае падстава іх саміх садзіць у турму — яны прыдумляюць рапарты, беспадстаўна затрымліваюць нібыта за парушэньне грамадзкага парадку і дакладна разумеюць, што нічога ім за гэта ня будзе, бо за іх заступаецца дзяржаўная машына. Але ў дадзенай сытуацыі яны будуць пакараныя, бо тут справа выходзіць з рамак абароны дзейных у Беларусі парадкаў у поле некампэтэнтнасьці, прафэсійнай непрыдатнасьці і злачыннай халатнасьці. Я перакананы, што дзеяньні, ці, дакладней, бязьдзеяньне міліцыі будзе ацэненае падчас сьледзтва».

Мікалай Казлоў кажа, што звычайна вытворчасьць па такіх справах адбываецца вельмі хутка. Аднак тут ёсьць момант, які можа зацягнуць яе — псыхіятрычнае абсьледаваньне грамадзяніна, які напаў на жонку зь дзецьмі, а пасьля разьбіў 5 аўтамабіляў.

Апроч адказнасьці за трагедыю, якую нясе міліцыя, Мікалай Казлоў адзначыў віну жонкі неадэкватнага мужчыны:

«Частка віны ляжыць і на жонцы чалавека, які зьдзейсьніў гэтыя злачынствы. Малаверагодна, што такая сытуацыя ўзьнікла зь ніадкуль упершыню і адразу вылілася ў такую форму. Відаць, ёй таксама трэба было нейкія захады рабіць. Напрыклад, калі прыяжджала міліцыя і патлумачыла, зь якой нагоды шукае яе мужа, ня трэба было стаяць сьцяной, абараняючы рэпутацыю сям’і. Гэта дурасьць, і, галоўнае, гэта небясьпечна, як выявілася, для яе самой і яе дзяцей. Я думаю, яна будзе гэта разумець, што маральная адказнасьць ляжыць і на ёй».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG