Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тымаці Снайдэр пра Пуціна і пакт Молатава-Рыбэнтропа


Станоўчая ацэнка пакту Молатава-Рыбэнтропа, выказаная прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным на нядаўняй сустрэчы з расейскімі гісторыкамі, патрэбная Крамлю для апраўданьня сваёй цяперашняй агрэсіі ва Ўкраіне і спробы новага падзелу зоны ўплываў паміж Расеяй і Захадам.

Так лічыць вядомы амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр, аўтар шматлікіх працаў і манаграфій па гісторыі Ўсходняй Эўропы.

«У часе, калі сёньняшняя Расея вядзе агрэсіўную вайну ва Ўсходняй Эўропе, Крэмль, як выглядае, штораз больш гатовы спалучыць традыцыйную самаацэнку СССР як краіны, якая перамагла нацысцкую агрэсію, зь дзеяньнямі Сталіна, які сам быў вялікім агрэсарам. Гэткі падыход патрабуе станоўчай ацэнкі саюзу з нацысцкай Нямеччынай у 1939 годзе», — піша Снайдэр у The New York Review of Books.

Уладзімер Пуцін, выступаючы на мінулым тыдні ў Музэі сучаснай гісторыі Расеі перад маладымі вучонымі і выкладчыкамі гісторыі, сказаў:

«Савецкі Саюз падпісаў дамову аб ненападзеньні зь Нямеччынай. Кажуць: ах як дрэнна. А што тут дрэннага, калі Савецкі Саюз не хацеў ваяваць? Што ж тут дрэннага?»

У рэчышчы такога новага падыходу да пакту Молатава-Рыбэнтропа амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр разглядае і спробы Крамля апэляваць да Нямеччыны ў прыватнасьці ды правых і нацыяналістычных сілаў у Эўропе наагул, каб тыя падтрымалі расейскую агрэсію ва Ўкраіне:

«У сакавіку расейскі парлямэнт прапанаваў МЗС Польшчы падзяліць Украіну паміж дзьвюма краінамі. Ніхто ў Варшаве не паставіўся сур’ёзна да гэтай прапановы. У сваёй пераможнай прамове пасьля расейскай анэксіі Крыму Пуцін аргумэнтаваў, што легітымнай прычынай уварваньня Расеі ва Ўкраіну была абарона сваіх этнічных братоў. Такімі былі і нацысцкае апраўданьне анэксіі Аўстрыі і захопу часткі Чэхаславаччыны ў 1938 годзе, і савецкае апраўданьне атакі супраць Польшчы ў 1939 годзе. Гэтыя гістарычныя суаднясеньні трэба нам мець на ўвазе, каб зразумець намёк Пуціна ў ягонай прамове на тое, што Нямеччына павінна прыхільна паставіцца да дактрыны зьмены межаў».

Паводле Снайдэра, пераацэнка Пуціным пакту Молатава-Рыбэнтропа можа мець шырэйшыя наступствы для ўсёй Эўропы:

«Пакт Молатава-Рыбэнтропа датычыў ня толькі тэрыторыі Ўсходняй Эўропы, але і ўсяго эўрапейскага прававога парадку. Заключыўшы саюз з Гітлерам, Сталін кіраваўся палітычнай лёгікай. Ён думаў, што падтрымліваючы нацысцкую дзяржаву, якая пачала вайну супраць усіх, яму ўдасца скіраваць нямецкія ўзброеныя сілы на захад і адвярнуць іх ад Савецкага Саюзу. Такім чынам выяўляцца ўнутраныя супярэчнасьці капіталістычнага сьвету, і Нямеччына, Францыя і Вялікабрытанія абрынуцца адначасова. Пуцін па-свойму спрабуе цяпер зрабіць вельмі падобную рэч. Як Сталін спрабаваў сутыкнуць найбольш радыкальную з эўрапейскіх сілаў, Адольфа Гітлера, з Эўропай, так цяпер Пуцін шукае саюзьнікаў сярод антыэўрапейскага зборышча папулістаў, фашыстаў і сэпаратыстаў. Ягоныя ўльтраправыя саюзьнікі зьяўляюцца якраз тымі палітычнымі сіламі, якія прагнуць падзеньня цяперашняга эўрапейскага парадку: Эўразьвязу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG