Сьмелая ў кантэксьце Ўсходняй Эўропы заява зьявілася менш чым за два месяцы да таго, як 1 студзеня Латвія пярoйме кіраўніцтва Эўрапейскім Зьвязам, піша газэта Lietuvos rytas.
«Нашай краіне належыць стварыць прававую базу для розных формаў партнэрства, і я буду за гэта змагацца. Я ведаю, што зараз узьнімецца вялікая гістэрыка, але я ганаруся тым, што я гей», — напісаў Рынкевічс. 41-гадовы папулярны латыскі палітык доўгі час адмаўляўся расказваць пра сваё асабістае жыцьцё.
Адзін зь лідэраў кіраўнічай партыі «Адзінства» займае пасаду міністра замежных справаў ад 2011 году. Праўда, міністар адмовіўся ад камэнтара наконт таго, ці ягоная заява неяк зьвязаная з будучым старшынёўствам Латвіі і зацьверджаньнем новага ўраду.
Латвія — адна з постсавецкіх дзяржаваў, у якой не рэгіструюцца аднаполыя шлюбы або партнэрства, а гомасэксуалы часта вымушаныя хаваць сваю арыентацыю.
Паведамленьне Э. Рынкевічса зьявілася ў кантэксьце напружаньня паміж Захадам і Расеяй. Расея ўсё часьцей бярэ на сябе ролю абаронцы «традыцыйных каштоўнасьцяў», забараняючы любыя абмеркаваньні гомасэксуальных стасункаў.
Заява міністра замежных справаў Латвіі можа быць расцэненая і як адказ беларускаму дыктатару Аляксандру Лукашэнку, які некалькі гадоў таму заявіў, што «лепш быць дыктатарам, чым блакітным». Тая заява была крытычным адказам міністру замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле, які таксама не хавае сваёй гомасэксуальнасьці, на ягоную занепакоенасьць сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.
Дарадніца Э. Рынкевічса Уна Ахуна-Озала адмовілася камэнтаваць агенцтву BNS гэтае паведамленьне міністра, якое было апублікаванае ў ягоных акаўнтах у «Твітэры» і «Фэйсбуку».
Тым часам прэзыдэнт Эстоніі Тоомас Хэндрык Ільвэс пахваліў сьмеласьць латыскага міністра замежных справаў, напісаўшы: «Вельмі сьмелы чалавек і вельмі добры міністар замежных справаў».
Пазытыўна на прызнаньне міністра адрэагаваў і мэр Рыгі Ніл Ушакоў. У сваім «Твітэры» ён пахваліў «сумленны ўчынак міністра» і пажадаў яму посьпехаў у працы і асабістым жыцьці.
Кіраўнік маскоўскага бюро The Washington Post Майкл Бэрнбаўм назваў учынак міністра «вялікім крокам наперад у галіне правоў геяў ва Ўсходняй Эўропе». На сайце газэты журналіст сьцьвердзіў, што латыскі міністар «прабіў мур на сацыяльна-кансэрватыўнай палітычнай арэне Ўсходняй Эўропы».
Праўда, латыскі палітоляг Крыстыянс Розэнвальдс ацаніў крок міністра значна больш крытычна. «Рынкевічсу ўдалося зрабіць пасьпяховы піяр-крок. Брава! Самакрытыка заўсёды дапамагае пазьбегнуць крытыкі іншых. Цяпер ён паказаў сваю сьмеласьць, і ня быў злоўлены...», — піша латыскі палітычны экспэрт.