Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мой дом


Igor Pomerantsev
Igor Pomerantsev

Чэскі тэлежурналіст, які здымаў мяне для перадачы «Бабілён», спытаўся, дзе я адчуваю сябе дома. Я задумаўся і ня змог адразу адказаць. Дакладней, я адказаў, але неяк змазана, хоць і шчыра: маўляў, я чалавек-транзыт, зьмяніў пяць краінаў, паўтузіна гарадоў і адчуваю сябе дома толькі ў гатэлі. Я не ўдакладніў, што да гатэляў у мяне стаўленьне амэрыканскае. Танчэй за ўсіх прыроду гатэльнага жыцьця, мне здаецца, разумеюць амэрыканцы. Я прыгадваю кнігі Фіцджэралда, Сэлінджэра, Капотэ: у іх прозе гатэлі, матэлі, пансіёны — гэта перабыўныя пункты паміж жыцьцём і сьмерцю. Героі амэрыканскіх кніг ліхаманкава трахаюцца, паміраюць, забіваюць, канчаюць самагубствам часьцей за ўсё ў гатэлях. Так завяршаецца амэрыканскае падарожжа. Пастаяльцы рэгіструюцца ў гатэлях, каб пасьля расстацца з жыцьцём назаўсёды. Нездарма амэрыканскі выраз check out азначае ня толькі «выпісацца», але і «памерці».

Пра старыя цэрквы кажуць — «намоленыя». Дом таксама трэба «надыхаць». Гэта праца некалькіх пакаленьняў. Праца няспынная. ХХ стагодзьдзе радыкальна зьмяніла ўяўленьне пра дом, сам вобраз дома. Рэвалюцыянэры ў бурых і чорных кашулях, у камісарскіх скуранках не пакінулі ад дома каменя на камені. Мільёны людзей перасяліліся ў катлаваны сацыялістычных будоўляў, у баракі Дахаў, газавыя камэры Асьвенціму, а ацалелыя разбрыліся па камуналках. Цэлыя народы высялялі з дамоў іх продкаў, а апусьцелыя дамы засялялі безаблічнымі масамі. Спрэчка за чужы Крым — гэта клясычная спрэчка славян паміж сабою. У самым пачатку пяцідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя ў міжнародным праве зьявіўся тэрмін «перамешчаныя асобы»: іх лік ішоў на мільёны. Гэта былі людзі, якіх другая сусьветная вайна пазбавіла дома і бацькаўшчыны. У Анны Ахматавай ёсьць такія радкі:

Нет, и не под чуждым небосводом,
И не под защитой чуждых крыл, —
Я была тогда с моим народом,
Там, где мой народ, к несчастью, был.

Радкі, як і час, у якім жыла паэтка, — патэтычныя. Анна Ахматава не любіла эмігрантаў. Бог ёй судзьдзя. У мяне зусім іншае разуменьне дома і іншае пачуцьцё нацыянальнай блізкасьці. Без усялякай патэтыкі, але не бяз гонару я магу назваць народ, да якога я належу ўжо больш за трыццаць гадоў. Мой народ — гэта перамешчаныя асобы, палітэмігранты, уцекачы, бадзяжныя сабакі Эўропы. Я — патрыёт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG