Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежную палітыку ЗША будуць вызначаць рэспубліканцы


Як чакаецца, сэнатар Джон МакКэйн стане кіраўніком Камітэту па ўзброеных сілах Кангрэсу ЗША.

У прамежкавых выбарах у Кангрэс ЗША 4 лістапада Рэспубліканская партыя здабыла перавагу як у Палаце прадстаўнікоў, так і ў Сэнаце.

Перамога на выбарах у Сэнат (4 лістапада выбіраліся 36 сэнатараў) азначае, што пасьля васьмі гадоў перавагі дэмакратаў усе тры сэнацкія камітэты, якія вызначаюць замежную палітыку Вашынгтону,— Камітэт па міжнародных адносінах, Камітэт па ўзброеных сілах і Камітэт па выведцы — апынуцца пад кіраўніцтвам рэспубліканцаў.

Што азначае гэтая зьмена для ЗША?

Як чакаецца, кіраўніком Камітэту па міжнародных адносінах стане сэнатар Боб Коркер (рэспубліканец з Тэнэсі), замяняючы Боба Мэнэндэса (дэмакрат з Нью-Джэрсі). Коркер разам з Мэнэндэсам зьяўляюцца суаўтарамі законапраекту, які прапануе ўвесьці мацнейшыя санкцыі супраць Расеі і надаць вайсковую і невайсковую дапамогу Ўкраіне. Абодва сэнатары таксама падрыхтавалі законапраект аб узбраеньні сырыйскіх паўстанцаў і ўвядзеньні забароны на продаж узбраеньня і нафты рэжыму Башара Асада.

Сэнатар Джон МакКэйн стане кіраўніком Камітэту па ўзброеных сілах, замяняючы Карла Левіна (дэмакрат зь Мічыгану). МакКэйн — моцны прыхільнік амэрыканскага вайсковага ўмяшаньня ў сусьветную палітыку і зацяты крытык палітыкі прэзыдэнта Барака Абамы адносна Ўкраіны, Сырыі і Ірану. МакКэйн лічыць, што ЗША павінны надаць вайсковую дапамогу Ўкраіне ў форме паставак узбраеньня для абарончых мэтаў.

Камітэт па выведцы, якім цяпер кіруе сэнатар Дыяна Фэйнстэйн (дэмакрат з Каліфорніі), ачоліць або Рычард Бар (рэспубліканец з Паўночнай Караліны), або Джэймс Рыш (рэспубліканец з Айдаго). Бур лічыцца зацятым абаронцам ЦРУ і прыхільнікам большай сакрэтнасьці ў абмеркаваньнях пытаньняў выведкі ў Сэнаце.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG