На пачатку тыдня, пасьля таго як на выходных клюб Dozari правёў сэрыю вечарынак «Русским быть модно» і «Russian night», журналіст «Нашай Нівы» Зьміцер Панкавец спытаў у арт-дырэктара Dozari, ці плянуе клюб зладзіць імпрэзу «Беларусам быць модна». Магчыма, гэтае пытаньне натхніла Аляксандра Кроітара на арганізацыю «грандыёзнага нацыянальнага шоў», як на афішы клюбу названая вечарына «Welcome to Belarus».
У адпаведнасьці з афішай, на «шоў» выступяць «найлепшыя калектывы краіны», пералік якіх амаль супадае з тымі артыстамі, якія выступалі на вечарынках 1–3 лістапада, — дыджэй Inside, Show ballet dozari, а таксама дыджэй Gangster і MC Sokolov.
Калі ў афармленьні афішаў вечарынак «Русским быть модно» і Russian night быў выкарыстаны фатаздымак Уладзімера Пуціна з аўтаматам, балалайкай, аўтамабілямі «чайка», то афішы «Welcome to Belarus» менш крэатыўныя — там зубр і бусел. Фонам для афішы паслужыў беларускі арнамэнт.
Клюб Dozari ладзіць вечарынкі пад назвай «Welcome to Belarus» ужо даволі працяглы час. На фотасправаздачах з гэтых імпрэзаў можна пабачыць людзей у нацыянальных беларускіх строях, артыстаў у вобразе «рускага мядзьведзя», а таксама моладзь з намаляванымі на тварах расейскімі і беларускімі сьцягамі.