Як паведамляецца, цела Дзявотчанкі было знойдзенае ў ягонай кватэры на Алтуф’еўскай шашы ў Маскве. Паводле адной з вэрсій, сьмерць наступіла ў выніку няшчаснага выпадку, па іншай — актора забілі. Аб забойстве са спасылкай на неназваныя крыніцы паведамляе ў сваім «Жывым часопісе» і актор Станіслаў Садальскі. Разам з тым, як паведамляе ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Маскве, прыкмет гвалтоўнай сьмерці актора «выяўлена не было», праводзіцца праверка.
З 1990-х гадоў артыст працаваў у пецярбургскіх тэатрах, а з 2011-ы па 2012-ы год — у Маскоўскім тэатры юнага гледача, з 2012 года — у трупе Маскоўскага Мастацкага тэатра імя Чэхава. Здымаўся ў тэлесэрыялах і мастацкіх фільмах.
Аляксей Дзявотчанка быў вядомы сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыяй: быў сябрам Аб’яднанага грамадзянскага фронту ў Пецярбурзе, прымаў удзел у шматлікіх акцыях апазыцыі: сёлета ў прыватнасьці, у скліканьні Кангрэсу інтэлігенцыі «Супраць вайны з Украінай і прапагандысцкай гістэрыі», у «Маршы праўды» за свабоду СМІ і супраць прапаганды.