Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапагандыст Новікаў лічыць, што праграму закрылі пад ціскам украінскага боку


Яўген Новікаў
Яўген Новікаў

Вядучы Яўген Новікаў, праграму якога «Правы чалавека: погляд у сьвет» зьнялі з эфіру, сьцьвярджае, што ў яго няма супярэчнасьцяў зь Белтэлерадыёкампаніяй па ўкраінскім пытаньні.

Пра гэта ён заявіў у інтэрвію Радыё Свабода.

— Вы заяўлялі, што праграма «Правы чалавека: погляд у сьвет» была закрытая ў сувязі з вашай «прынцыповай пазыцыяй» наконт падзеяў ва Ўкраіне. Дык у чым былі супярэчнасьці па ўкраінскім пытаньні паміж вамі і Белтэлерадыёкампаніяй?

— Не, ніякіх супярэчнасьцяў у нас не было. Проста ўкраінскі бок заявіў, што яны здымаюць канал зь вяшчаньня на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны з-за маёй праграмы.

— То бок вашу праграму зьнялі пад ціскам украінскага боку?

— Я думаю — так. Але гэта маё меркаваньне. Да таго ж сказалі, што гэта старая праграма, што яна не патрэбная, што трэба нешта новае рабіць. Вось прапанавалі пісаць канцэпцыю новай праграмы, але і гэтая («Правы чалавека: погляд у сьвет». — РС) вельмі актуальная. Але я лічу, што пазыцыя Ўкраіны не зусім карэктная, таму што з-за адной праграмы, з-за меркаваньня аднаго журналіста здымаць зь вяшчаньня канал «Беларусь-24» — гэта вельмі слабая пазыцыя. Яны ж прамым тэкстам заявілі пра тое, што прычына зьняцьця зь вяшчаньня — менавіта праграма «Правы чалавека: погляд у сьвет». Вядома, гэта не магло не патурбаваць беларускі бок, беларускі бок быў вымушаны рабіць нейкія захады.

— Зыходзячы з вашых словаў, атрымліваецца, што беларускі бок пайшоў на повадзе ва Ўкраіны?

— Я ня думаю, што пайшла на повадзе Белтэлерадыёкампанія ў цэлым уся або асобныя нашы міністэрствы. Але асобныя нашы чыноўнікі чагосьці спалохаліся. Гэта вельмі недальнабачная палітыка некаторых нашых чыноўнікаў і ў цэлым беларускага боку. Ну, напэўна, пайшлі на повадзе... Але ж нейкія захады трэба было рабіць у кантэксьце той палітыкі, якую праводзіць наша кіраўніцтва. Вось яны і прынялі рашэньне закрыць.

Яўген Новікаў таксама крытыкуе ролю беларускіх уладаў у дасягненьні менскіх мірных дамоўленасьцяў:

«Нашы беларускія палітыкі думаюць заднім розумам. Быць міратворцам — гэта таксама няпростая ноша. Гэта ня значыць, што ня трэба было запрашаць, але трэба было па-іншаму расстаўляць акцэнты, а ўсё было пушчана на самацёк. Гэта вельмі вялікія міжнародныя памылкі, гэта рэпутацыйныя страты краіны», — упэўнены ён.

15 кастрычніка Нацыянальная рада Ўкраіны па пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня прызнала тэлеканал «Беларусь-24» неадпаведным патрабаваньням Эўрапейскай канвэнцыі аб транспамежным тэлебачаньні, а таксама заканадаўству Ўкраіны, і зьвярнулася ў суд з пазовам аб забароне вяшчаньня на сваёй тэрыторыі.

Падставаю для гэтага рашэньня сталіся скаргі тэлегледачоў, а таксама выбарковы маніторынг, які правялі ўкраінскія чыноўнікі, адказныя за мэдыйную палітыку.

Гэтак, у праграме «Правы чалавека: погляд у сьвет» на тэлеканале «Беларусь-24» гледачы выявілі антыўкраінскую прапаганду і скажэньне інфармацыі пра падзеі ва Ўкраіне.

30 кастрычніка ў сваёй праграме на расейскім радыкальным рэсурсе «Крамола» Яўген Новікаў заявіў, што перадача «Правы чалавека: погляд у сьвет» на беларускім тэлебачаньні была закрытая з-за яго «прынцыповай пазыцыі» наконт украінскіх падзеяў.

У Белтэлерадыёкампаніі гэтыя словы назвалі «аўтарскай пазыцыяй» вядоўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG