Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэпаратысты настойваюць на пераглядзе менскіх дамоўленасьцяў


У ДНР і ЛНР заяўляюць, што адмена ўкраінскага закону аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбасу «наносіць сур’ёзную шкоду менскаму мірнаму працэсу».

У сумесным паведамленьні «ўрадавых прэс-службаў ДНР і ЛНР» падкрэсьліваецца, што прыняцьце закону аб адмысловым статусе было абавязаньнем Кіева згодна зь менскім пратаколам ад 5 верасьня.

«Цяпер, пасьля аднабаковага рашэньня аб адмене гэтых законаў, менскі пратакол ад 5 верасьня фактычна перакрэсьлены...», — заяўляюць сэпаратысты і патрабуюць новай рэдакцыі пратаколу.

У паведамленьні адзначаецца, што бліжэйшымі днямі кіраўнікі ДНР і ЛНР «назавуць сваіх упаўнаважаных на менскіх перамовах». Пры гэтым сэпаратысты падкрэсьліваюць, што яны пацьвярджаюць свае афіцыйныя перамоўныя пазыцыі, абвешчаныя ў Менску 1 верасьня.

Учора Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны па рэкамэндацыі прэзыдэнта Пятра Парашэнкі пастанавіла ўнесьці ў Вярхоўную Раду законапраект аб адмене закону пра адмысловы статус асобных раёнаў Данбасу.

Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

«У свой час гэты закон выканаў надзвычай важную ролю ў прыпыненьні зьнешняй інтэрвэнцыі, мабілізацыі падтрымкі сьветам менскіх мірных дамоўленасьцяў, пацьверджаньні шчырасьці намераў Украіны па дээскаляцыі сытуацыі ў Данбасе. Мы прадэманстравалі жыхарам Данецкай і Луганскай абласьцей і зьнешняму сьвету шчырае імкненьне Кіева да палітычнага ўрэгуляваньня. Такую магчымасьць баевікі адкінулі. Правядзеньне псэўдавыбараў тарпэдавала закон і рэзка абвастрыла сытуацыю ў Данбасе. Тыя шырокія паўнамоцтвы, якія прадугледжваў закон, мы гатовыя выдаваць толькі легітымна абраным органам мясцовага самакіраваньня. А не бандытам, якія самі сябе вянчаюць на царства», — падкрэсьліў Парашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG