Упраўленьне юстыцыі дамагалася на тры месяцы прыпыніць дзейнасьць гэтага няўрадавага аб’яднаньня. Праваабаронцам удалося знайсьці памяшканьне для юрыдычнага адрасу, таму чыноўнікі адклікалі пазоў.
Да суда аб’яднаньне мела сядзібу, якая выкарыстоўвалася пад юрыдычны адрас. Аднак у пададзеных дакумэнтах для рэгістрацыі чыноўнікі выявілі недакладнасьці ў мэтражы памяшканьня. Паводле праваабаронцаў, гаспадар памяшканьня спачатку пагадзіўся даць прытулак няўрадавай арганізацыі. Але пасьля вяртаньня дакумэнтаў з упраўленьня юстыцыі адмовіўся паўторна падпісваць дадатак да дамовы з новым мэтражом сядзібы. Кіраўніцтва праваабарончага цэнтру лічыць, што прадпрымальнік адмовіўся ўзгадняць новыя дакумэнты пад ціскам спэцслужбаў.
Паводле чыноўнікаў, няўрадавая арганізацыя «не прадстаўляла ва ўстаноўлены час дакумэнты, неабходныя для рэгістрацыі зьменаў юрыдычнага адрасу». Таму ёй вынесьлі два папярэджаньні, якія не абскарджваліся. А выяўленыя парушэньні заканадаўства не выпраўляліся.
Магілёўскаму праваабарончаму цэнтру 16 гадоў. Гэта адзінае ў Беларусі зарэгістраванае рэгіянальнае праваабарончае аб’яднаньне.