Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краўцэвіч пра Дзень народнага адзінства: «Ім баліць імпэрыя, як ампутаваная нага»


Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

Гісторык Алесь Краўцэвіч называе Дзень народнага адзінства ў Расеі «ідэалягічным сьвятам» і раіць беларусам ігнараваць яго.

Дзень народнага адзінства быў уведзены ў Расеі як дзяржаўнае сьвята ў 2005 годзе, адначасова з адменай сьвята перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада. Прымеркаваны ён да падзеяў 1612 году, калі апалчэньне пад кіраўніцтва Мініна і Пажарскага ўступіла ў Кітай-горад, адцясьніўшы ў Крэмль войскі Рэчы Паспалітай.

Масква адзначае Дзень адзінства нацыяналістычным «Рускім маршам», маршам «За Наваросію» і дэманстрацыяй прыхільнікаў курса прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна пад назвай «Мы адзіныя».

«Для нас гэта ня сьвята, там ваявалі супраць нашых продкаў», — гісторык Алесь Краўцэвіч камэнтуе гістарычную абгрунтаванасьць сьвята 4 лістапада:

«Гэта ідэалягічнае сьвята, зьвязанае з сутнасьцю ўсяго пуцінскага рэжыму, які зьяўляецца і маральным, і афіцыйным пераемнікам рэжыму камуністычнага. Чаму гэтае сьвята ўзьнікла? Зь вельмі простай прычыны. За гады савецкай улады ўвесь народ — тады савецкі, а цяпер расейскі — прывык да сьвята 7 лістапада. Задача пуцінскай ідэалёгіі — гэта плаўны пераход масавай сьвядомасьці з камуністычнай у пуцінскую. Трэба было знайсьці заменьнік гэтаму сьвяту, які каляндарна найбліжэйшы да 7 лістапада. Доўга думалі, гадалі. І прыгадалі. Знайшлі падзею ў гісторыі Расеі, якая мае патрыятычнае гучаньне. Прыдумалі дату — наколькі я ведаю, нічога асаблівага ў гэты дзень не было. Прыдумалі ворага, які і цяпер актуальны для Расеі — „палякаў“.

Такім чынам, адзін стэрэатып масавай сьвядомасьці плаўна пераключаны на другі. Народ гуляе!

Яны хворыя на імпэрскасьць. Ім баліць імпэрыя, як чалавеку баліць ампутаваны орган. Для нас гэта ніякае ня сьвята. Нам яго трэба ігнараваць. Як кажа гісторыя, у выніку ўсіх гэтых падзеяў да ўлады прыйшла расейская дынастыя Раманавых, якая празь некалькі дзясяткаў гадоў пачала супраць ВКЛ самую страшную ў нашай гісторыі вайну ў сярэдзіне 17 стагодзьдзя, калі загінуў кожны другі беларус».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG