Генэрал Брыдлаў, галоўнакамандуючы аб’яднаных саюзных сілаў НАТО ў Эўропе, таксама заявіў, што Расея працягвае пастаўкі сэпаратыстам зброі.
Акрамя таго амэрыканскі генэрал на прэс-канфэрэнцыі ў Пэнтагоне заявіў, што на тэрыторыі Украіны дзейнічае каля 250-300 расейскіх вайскоўцаў. Але, сказаў ён, паводле зьвестак НАТО, гэтыя расейскія вайскоўцы ня ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях, а ў асноўным займаюцца навучаньнем баявікоў.
Паводле Брыдлава, спыненьне агню, аб якім было дамоўлена яшчэ 5 верасьня, так і застаецца толькі словамі. Ён таксама адзначыў, што цяпер назіраецца тэндэнцыя больш выразнага вызначэньня і ўмацаваньня лініі разьмежаваньня паміж украінскімі сіламі і сэпаратыстамі. Аднак, як сьцьвярджае генэрал, цалкам дзіравай стала мяжа паміж Украінай і Расеяй, што дазваляе прарасейскім сілам перасоўвацца празь яе бесьперашкодна.
Раней сёньня ў Кіеве ў Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны заявілі пра інтэнсыўнае перасоўваньне ваеннай тэхнікі і жывой сілы з тэрыторыі Расеі на тэрыторыю, якую захапілі сэпаратысты. Як заявіў прадстаўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра РНБА Андрэй Лысенка, прысутнасць расейскіх войскаў там ужо нават не маскіруецца.
Тым часам група «Інфармацыйны супраціў» прыводзіла сёньня ўласныя зьвесткі, паводле якіх расейскія і сэпаратысцкія войскі завяршылі фармаваньне на захопленых тэрыторыях чатырох ударных груп, у складзе якіх можа быць «каля 14-15 тысяч расейскіх наймітаў і вайскоўцаў Расеі, а таксама 10-12 тысяч баевікоў зь мясцовых бандфармаванняў». Расея адмаўляе наяўнасьць на тэрыторыі Ўкраіны сваіх рэгулярных войскаў, але прызнае, што там ёсьць «добраахвотнікі» з Расеі або вайскоўцы, якія прыехалі туды, «узяўшы адпачынак».
Учора прарасейскія сэпаратысты правялі на захопленай імі тэрыторыі часткі Данбасу «выбары», у парушэньне «менскага пратаколу» ад 5 верасьня. Значная частка сусьветнай супольнасьці заявіла, што не прызнае іх. Расея ж дала зразумець, што «паважае волевыяўленьне» сэпаратыстаў.