Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба адключыць расейскія тэлеканалы і стаць людзьмі». Удзельнікі шэсьця простай мовай


У Менску 2 лістапада прайшло традыцыйнае шэсьце ў Курапаты, прысьвечанае Дню памяці продкаў. Паводле ацэнак незалежных назіральнікаў, у ім узялі ўдзел каля 400 чалавек.

Што кажуць пра акцыю яе ўдзельнікі? Чаму яны прыйшлі ўшанаваць памяць продкаў? Як ставяцца да таго, што акцыя не была шматлюднай?

Фэрмэр Уладзімер Матусевіч:

«Трэба ўшанаваць памяць. З кожным годам трошкі меней людзей, ня ведаю чаму. Палітыка дзяржавы адмаўляе ўсё гэта, і наш сорам, што дзяржава так ставіцца. Адбываецца зьезд кампартыяў у Беларусі ў нашы Дзяды. Хоць яны павінны адказваць за гэтыя злачынствы. А Лукашэнка накіраваў ім прывітаньне. А сюды хоць бы даслаў каго з уладаў, каб сказаць прывітальныя словы».

«Тое, што не забівае, робіць нас мацнейшымі», — кажа былы палітвязень ​

Уладзь Яроменак, які прыйшоў на акцыю з жонкай і зь дзіцем у бел-чырвона-белым вазку:

«З траўня гэта першая такая буйная акцыя. Адносна буйная, бо ня памятаю, каб столькі людзей прыходзіла. Сумна, але гэта наша рэчаіснасьць. Сёньня Дзень продкаў, і гэта шэсьце да Курапатаў, сакральнага месца для беларусаў. І людзі зь дзяцінства павінны ведаць, чаму туды трэба хадзіць і чаму трэба шанаваць. Хацелі б вольнай будучыні».

«Агульная тэндэнцыя такая. Наша нацыя мае моладзь, якая выявіла сваё жаданьне гарнуцца да беларускай мовы і культуры. Незалежнасьць Беларусі — гэта каштоўнасьць, якая не падлягае сумневу. Гэта тое, што ёсьць і што цешыць», — кажа намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі.

«Сёлета акцыя менш колькасная. Наша задача — выходзіць як мінімум тры разы на год і паказваць грамадзтву, што мы ёсьць. І будзем спадзявацца, што людзі выйдуць. Мяркую, што людзей напалохала сытуацыя ва Ўкраіне, бо людзі глядзяць расейскія каналы. Нашы інфармацыйныя магчымасьці тут вельмі слабыя на гэтым фоне», — сказаў Артур Фінькевіч.

«Золата каштоўнае тым, што яно рэдкае. Акцыя тым і каштоўная, што людзі выйшлі на покліч сэрца і яны як соль нацыі. Супэр, што мы так ідзём і гэта бачаць людзі з вокнаў. І Беларусь жывая, і памяць пра Беларусь жывая. Сталінскія тэрарыстычныя мэтады сапсавалі жыцьцё многім людзям. І пра гэта трэба памятаць. Цяпер выкарыстоўваюць іншыя мэтады. Трэба адключыць расейскія тэлеканалы і стаць людзьмі», — сказала ўдзельніца шэсьця праваабаронца Людміла Гразнова.

Уладзь Яроменак
Уладзь Яроменак

Адзін зь лідэраў БХД, былы палітвязень Павал Севярынец:

«Гэта акцыя памяці. Нацыянальнай сьвядомасьці. Гэта рэчы, на якіх трымаецца нацыя. І калі нашы суседзі, наш братні народ перажывае такі цяжкі час — гэта адзнака салідарнасьці, тое, што тут згадваюць Украіну.

Людзі пабылі ў царкве і далучаюцца да шэсьця. Мяркую, што ў Курапатах будзе шмат.

Дакуль ёсьць людзі, якія ўшаноўваюць памяць продкаў, трымаюцца гісторыі, датуль жыве Беларусь. Бяру ўдзел у акцыі з 1995 году. Галоўнае, каб была вось гэтая акцыя і памяць, і часам ня важна, колькі там людзей. Гэта сьветлае сьвята, бо дзяды сыходзяць у неба, і гэта сьветла. І мы, пакуль на зямлі, стараемся зрабіць тое, што можам. Гэта ня шлях уніз, гэта шлях угару».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG