Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі часткова зьнялі, палітвязьні засталіся


Беларускі праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што скарачэньне Эўразьвязам «чорнага сьпісу» беларускіх чыноўнікаў — гэта вынік геапалітычных працэсаў, і тлумачыць такі крок Брусэлю спадзевам на паляпшэньне сытуацыі ў Беларусі.

«З боку праваабарончых арганізацыяў ніякіх рэкамэндацыяў па выдаленых з чорнага сьпісу 24 асобах не было. Але такія рэкамэндацыі і не прадугледжаныя. Рашэньні прымаюцца структурамі Эўразьвязу аднабакова. Я думаю, што рашэньне аб скарачэньні сьпісу — гэта вынік геапалітычных працэсаў, якія адбываюцца цяпер. Эўразьвяз такім чынам робіць нейкія крокі, спадзеючыся на крокі насустрач.

Я стаўлюся скептычна да такіх спадзеваў. Мы заўсёды казалі, што наяўнасьць палітвязьняў у краіне — палітычнае рашэньне беларускіх уладаў, і наяўнасьць чорнага сьпісу беларускіх чыноўнікаў — таксама палітычнае рашэньне Эўразьвязу. І вырашацца гэтыя пытаньні павінны парытэтна: няма палітвязьняў — няма чорнага сьпісу. Цяжка сказаць, ці зробіць беларуская ўлада адпаведны крок цяпер, пасьля скарачэньня сьпісу, бо Міністэрства замежных спраў настойвае на зьняцьці ўсіх санкцыяў, якія тычацца Беларусі. З чаго можна зразумець, што сёньняшнім рашэньнем Эўразьвязу беларуская ўлада ня будзе задаволеная, бо яна будзе лічыць яго палавіністым. Хоць, вядома, вельмі б хацелася, каб і такое рашэньне прывяло да пазытыўных наступстваў што да сытуацыі з палітзьняволенымі».

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч выказаў зьдзіўленьне тым, што з чорнага сьпісу выкрасьленыя былыя судзьдзі, якія выносілі палітычна матываваныя прысуды, у прыватнасьці былая судзьдзя Савецкага раёна Аксана Рэлява:

«Паводле нашай інфармацыі, Аксана Рэлява працуе кансультантам старшыні суду Савецкага раёну Менску. Яна знаходзіцца ў судзе, і яе лёгка там знайсьці. Фармальна, яна не судзьдзя, але ўлічваючы яе досьвед і датычнасьць да палітычнага перасьледу, яна безумоўна можа мець уплыў на рашэньні, якія прымаюцца. Што тычыцца выключэньня яе з чорнага сьпісу чыноўнікаў, то яно выглядае недарэчным і неэтычным. Таму што чалавек сьвядома выносіў незаконныя прысуды, сьвядома быў часткай рэпрэсій і палітычнага перасьледу грамадзкіх актывістаў, ніякім чынам сваю пазыцыю не зьмяніў, нічога не зрабіў для яе выпраўленьня, але праз тое, што фармальна перастаў быць судзьдзёй, яго грахі абнуляюцца. Мне падаецца, што гэта неэтычна — Аксана Рэлява застаецца дзяржслужачай, застаецца ў сыстэме так званага беларускага правасудзьдзя і з-за таго, што яе пасада зьмяніла назву, яе ўчынкі не абяляюцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG