Украіна паабяцала Расеі знайсьці сродкі на аплату зімовых паставак газу ў аб’ёме чатырох мільярдаў кубамэтраў,— паведаміў міністар энэргетыкі Расеі Аляксандр Новак па выніках трохбаковых «газавых» кансультацый у Брусэлі, якія працягваліся ўсю мінулую ноч.
Паводле расейскага міністра, Украіна правяла перамовы з Эўракамісіяй і міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі і адшукае гэтыя сродкі. Новак таксама паведаміў, што бакі маюць намер падпісаць дадатковае пагадненьне да кантракту паміж украінскім «Нафтагазам» і расейскім «Газпрамам».
Перамовы паміж Масквой, Эўразьвязам і Кіевам аб аднаўленьні паставак расейскага газу, яшчэ не скончаныя і працягнуцца ўвечары ў чацьвер, адзначыў расейскі міністар.
У сваю чаргу кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер заявіў журналістам, што ніякіх пагадненьняў па газе ня будзе падпісана, калі Ўкраіна і Эўразьвяз не дасягнуць дамоўленасьці аб фінансавых гарантыях аплаты паставак.
«Газпром» ацэньвае агульны доўг Украіны за раней пастаўлены газ у пяць мільярдаў даляраў.
У ходзе папярэдняга раўнду трохбаковых «газавых» кансультацый 21 кастрычніка Расея абяцала зьнізіць цану на 100 даляраў і прадаваць газ Украіне па 385 даляраў за тысячу кубамэтраў. Акрамя таго, была дасягнута папярэдняя дамоўленасьць аб тым, што да канца года Кіеў заплаціць два мільярды даляраў у кошт пагашэньня доўгу за раней пастаўлены газ.