Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліне абвешчаны канец банкаўскай таямніцы


Прадстаўнікі 51 краіны падпісалі пагадненьне, якое прадугледжвае штогадовы аўтаматычны абмен дадзенымі аб рахунках нерэзыдэнтаў, на 7-м Глябальным форуме па празрыстасьці і абмену інфармацыяй у падатковых мэтах (Global Forum on Transparency and Exchange of Information for Tax Purposes), які прайшоў у Бэрліне 28 і 29 кастрычніка.

Як гаворыцца ў прэс-рэлізе Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (АЭСР), упершыню такі абмен адбудзецца ў верасьні 2017 па выніках 2016-га фінансавага году.

Гэтае пагадненьне павінна нанесьці вырашальны ўдар па падатковых «ухілістах» і афшорах, перадае Deutsche Welle.

«Банкаўская таямніца ў сваёй ранейшай форме зжыла сябе. Яна больш ня ўпісваецца ў эпоху, калі грамадзяне, націснуўшы кнопку ў Інтэрнэце, могуць перамяшчаць свае грошы па ўсім сьвеце», — заявіў міністар фінансаў Нямеччыны Вольфганг Шойбле. Ён запэўнівае, што з увядзеньнем новага мэханізму ўхіленьне ад падаткаў стане нашмат цяжэйшым.

Банкаўская таямніца ў сваёй ранейшай форме зжыла сябе. Яна больш ня ўпісваецца ў эпоху, калі грамадзяне, націснуўшы кнопку ў Інтэрнэце, могуць перамяшчаць свае грошы па ўсім сьвеце

Новы стандарт АЭСР абавязвае дзяржавы запытваць у мясцовых банкаў інфармацыю аб рахунках нерэзыдэнтаў і аўтаматычна перапраўляць яе ў падатковыя органы тых дзяржаў, у якіх гэтыя замежнікі пражываюць, выконваючы пры гэтым законы аб абароне асабістых дадзеных. Перадачы падлягае, перш за ўсё, імя і падатковы нумар уладальніка рахунку, а таксама інфармацыя, якая тычыцца даходу ад укладаў, дывідэндаў, даходаў ад продажу актываў і пэўных відаў страховак. Прадстаўляць такую інфармацыю абавязаны ня толькі банкі, але і ўсялякага роду фінансавыя кампаніі, інвэстыцыйныя і траставыя фонды, якія займаюцца даверным кіраваньнем капіталу.

Бэрлінскае пагадненьне аб аўтаматычным абмене інфармацыяй падпісалі ўсе краіны ЭЗ, уключаючы Люксэмбург, які імкнецца пазбавіцца ад іміджу падатковага аазісу, а таксама, да прыкладу, такі эўрапейскі афшор, як Ліхтэнштэйн. У той жа час некаторыя краіны, якія фармальна не далучыліся да пагадненьня, гатовыя, тым ня менш, выконваць яго палажэньні.

Гэта, перш за ўсё, ЗША, якія прынялі ў 2010 годзе Закон «Аб падаткаабкладаньні замежных рахункаў» (Foreign Account Tax Compliance Act, FATCA), канцэпцыя якога ў значнай ступені легла ў аснову новага стандарту АЭСР, а таксама Кітай і Швэйцарыя.

Усяго ж, паводле дадзеных міністэрства фінансаў Нямеччыны, у аўтаматычным абмене падатковай інфармацыяй гатовыя ўдзельнічаць амаль шэсьць дзясяткаў краін. У іх лік уваходзяць Ізраіль і Ісьляндыя, Турцыя і Сырыя, Сынгапур і Японія, Аргентына, Бразілія і Калюмбія, Паўднёвая Афрыка, Аўстралія і Новая Зэляндыя. А таксама практычна ўсе ўладаньні Брытанскай кароны, якія спэцыялізуюцца на фінансавых паслугах — уключаючы Бэрмудзкія і Кайманавыя выспы.

Беларусі і Расеі ў гэтым сьпісе няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG