Псэўдавыбары, правядзеньне якіх абвясьцілі 2 лістапада групоўкі «ДНР» і «ЛНР», ня толькі ня маюць нічога агульнага зь Менскім пратаколам ад 5 верасьня, але груба супярэчаць яго літары і духу. Такая пазыцыя прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, паведаміў яго прэс-сакратар Сьвятаслаў Цеголка на сваёй старонцы ў Facebook.
«Яны ставяць пад пагрозу ўвесь мірны працэс. Прэзыдэнт адзначыў, што мясцовыя выбары ў асобных раёнах Данбасу могуць адбыцца толькі па ўкраінскім заканадаўстве», — напісаў Цеголка.
Менскія дамоўленасьці прадугледжваюць забесьпячэньне «правядзеньня датэрміновых мясцовых выбараў па законе Ўкраіны «Аб часовым парадку мясцовага самакіраваньня ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей». Паводле гэтага закону, мясцовыя выбары ў асобных раёнах Данбасу прызначаныя на 7 сьнежня.
Прарасейскія баевікі заявілі пра намер правесьці свае «выбары» на частцы тэрыторыі Данбасу, якую яны цяпер кантралююць, 2 лістапада. Адначасова сэпаратысты адзначылі, што ня маюць намеру прызнаваць выбары, ініцыяваныя ўкраінскім бокам.
Украіна і міжнародная супольнасьць называюць «выбары» 2 лістапада нелегітымнымі. Аднак, паводле міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, Расея гатовая прызнаць вынікі «выбараў ДНР і ЛНР».