ПАДЗЕІ ДНЯ
Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт (ЭГУ) прадстаўляе кнігу «Голас волі з-за кратаў: Анталёгія твораў беларускіх палітзьняволеных» (укладальнік і рэдактар — выкладчык ЭГУ палітоляг Аляксандар Фядута). Анталёгія зьмяшчае вершы, успаміны, дзёньнікавыя запісы, апавяданьні і артыкулы, напісаныя грамадзянамі Беларусі, якія пацярпелі або ўсё яшчэ цярпяць ад перасьледу па палітычных матывах. Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца а 17.00 у навучальным корпусе ЭГУ ў Вільнюсе (вул. Валакупю, 5, аўд. 213).
У Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбудзецца прэзэнтацыя падручніка «Ўводзіны ў традыцыйны санскрыт». У прэзэнтацыі акрамя аўтара Міхаіла Баярына возьмуць удзел паэт і перакладчык з санскрыту і іншых старажытных моваў Ігар Кулікоў ды выкладчыца курсаў санскрыту Натальля Ўласава. У праграме — чытаньні перакладаў старажытнай санскрыцкай паэзіі на беларускую мову. Таксама выступіць калектыў студыі індыйскага танца «Наваратна». Пачатак а 19.00.
У офісе Партыі БНФ адбудзецца брыфінг прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый, прысьвечаны ўвекавечаньню памяці ахвяр палітычных рэпрэсій.
Канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча ў ДК «Шарко» (Мінск, Уральская, 3). Пачатак а 19:00.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1937 — самы чорны дзень у гісторыі беларускай літаратуры. За адну ноч з 29-га на 30-га карнікі НКВД расстралялі цэлую групу пісьменьнікаў, сярод якіх былі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Міхась Чарот ды іншыя, агулам 22 чалавекі. Усяго ў тую ноч былі зьнішчаны больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі ды дзяржаўнага апарату.
Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!
(«Прысяга» — апошні верш Міхася Чарота, напісаны ім на сьцяне турмы НКВД незадоўга да расстрэлу.)
1989 — адбыўся мітынг у Курапатах у памяць ахвяраў рэпрэсій.
У гэты дзень нарадзіліся:
1451 — Хрыстафор Калюмб, славуты гішпанскі мараход, які кіраваў гішпанскай экспэдыцыяй у Індыю, у выніку якой была адкрытая Амэрыка.
1938 — Янка Саламевіч, беларускі літаратуразнаўца, фальклярыст, бібліёграф, перакладчык.