Каб пачаць новую праграму з МВФ, Беларусь павінна рэалізаваць пакет пасьлядоўных і рашучых захадаў макраэканамічнай палітыкі і глыбокіх структурных рэформаў.
Пра гэта заявіў журналістам Дэвід Гофман, кіраўнік місіі МВФ, якая прыбыла ў Беларусь.
«Калі ўлады гатовыя да такіх рашучых зьменаў сваёй цяперашняй эканамічнай палітыкі цягам бліжэйшых месяцаў, каб сфармаваць надзейны пакет захадаў, МВФ гатовы пачаць працу над новай праграмай», — цытуе БЕЛТА Дэвіда Гофмана.
Місія МВФ на чале з намесьнікам начальніка аддзелу краін Паўночна-Ўсходняй Эўропы Эўрапейскага дэпартамэнту Дэвідам Гофманам прыбыла ў Беларусь, каб вывучыць магчымасьці падрыхтоўкі новай краінавай праграмы.
На сустрэчы зь місіяй МВФ прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што Беларусь ня мае патрэбы ў надзвычайным фінансаваньні і што Беларусь завершыць 2014 год з эканамічным ростам.
У 2009–2010 гадах Беларусь рэалізавала праграму стэнд-бай, падтрыманую крэдытам МВФ на 3,5 млрд даляраў.
З 1992 па 2008 год Беларусь двойчы выкарыстоўвала фінансавыя сродкі МВФ: па лініі фонду сыстэмных трансфармацыяў — 217,2 млн даляраў, і па праграме стэнд-бай — 77,4 млн даляраў.