Рэйтынг Пуціна пачаў зьніжацца ўпершыню з пачатку году
Упершыню з пачатку ўкраінскага крызісу скарацілася колькасьць тых, хто гатовы галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах за Ўладзімера Пуціна. Зьніжэньне рэйтынгу можа быць пазытыўным фактарам, які паказвае спад напружаньня ў грамадзтве, але таксама яно можа сьведчыць і пра нарастаньне апатыі, адзначаюць экспэрты.
Рэйтынг Уладзімера Пуціна, які дасягнуў у жніўні лякальнага піку, пачаў зьніжэньне, сьведчаць вынікі апытаньня Левада-Цэнтра. Пра гэта піша РБК
Калі ў жніўні за Пуціна былі гатовыя прагаласаваць 57%, то ў верасьні — ужо толькі 49% апытаных. У мінулы раз менш чым палова рэспандэнтаў называлі Ўладзімера Пуціна ў якасьці жаданага прэзыдэнта ў красавіку (49%), у студзені гэтая лічба была роўнай 29%. Калі пералічыць вынікі, выключыўшы нявызначаных і тых, хто не зьбіраецца галасаваць, рэйтынг дзейнага прэзыдэнта складзе 83% супраць 87% месяцам раней (у красавіку — 81%, у студзені — 66%).
Рэйтынг ня можа ўвесь час знаходзіцца на піку і вяртаецца да больш нармальных значэньняў, пра ўстойлівае зьніжэньне можна будзе казаць, калі яно будзе адбывацца на працягу двух пэрыядаў запар, кажа намесьнік дырэктара Левада-Цэнтра Аляксей Гражданкін. Акрамя таго, жнівень — адпускны месяц, і ня-пуцінскі электарат — а гэта найчасьцей больш забясьпечаныя грамадзяне, жыхары буйных гарадоў — знаходзіўся ў адпачынках, у той час як прыхільнікі прэзыдэнта знаходзіліся дома і маглі адказваць на пытаньні сацыёлягаў, у верасьні ж сытуацыя выраўнавалася, тлумачыць ён.
Ваганьні рэйтынгу назіраліся і раней, былі і моманты пікавых паніжэньняў (напрыклад, зь першай паловы 2010-га па канец 2011-га, у першыя месяцы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2012 году), але для самога Пуціна ўтрыманьне рэйтынгу на звышвысокім узроўні не было самамэтай, лічыць прэзыдэнт фонду «Пецярбургская палітыка» Міхаіл Вінаградаў. Цяпер для атачэньня прэзыдэнта будзе важна вызначыць, ці маюць яны справу з натуральнымі ваганьнямі або з распадам эмоцыі, якая ўзьнікла вясной. У апошнім выпадку вынікам — прынамсі, спачатку — будзе ня ўсплёск крытычных настрояў да ўлады, а нарастаньне апатыі ў грамадзтве, дадае ён.