Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто прыбірае парнаграфію, жорсткасьць і падобнае з сацыяльных сетак?


Магчыма, вам даводзілася сутыкацца з сытуацыяй у фэйсбуку, калі вы хацелі яшчэ раз паглядзець нейкі пост, які нечым зачапіў вашу ўвагу, але ўжо не змаглі яго знайсьці.

Хутчэй за ўсё — гэты пост выдалілі. Хто? Магчыма, той, хто яго паставіў. Але таксама ня выключана, што выдаліў яго адзін з цэнзараў фэйсбуку.

Амэрыканскаму часопісу Wired удалося пагаварыць з мадэратарамі зьместу (content moderators), якія працуюць своеасаблівымі цэнзарамі сацыяльных сетак, выдаляючы зь іх тэксты, здымкі і відэаролікі, непажаданыя з гледзішча прынятых адміністратарамі сетак прынцыпаў маралі і прыстойнасьці.

Паводле экспэртаў, да якіх зьвяртаўся Wired, мадэрацыяй зьместу сацыяльных сетак займаецца як мінімум палова працаўнікоў, якія абслугоўваюць гэтыя сеткі. Лік такіх мадэратараў ва ўсім сьвеце ацэньваецца на 100 тысяч чалавек.

Журналістам Wired не дазволілі заглянуць за кулісы працы мадэратараў зьместу ў такіх сацыяльных гігантах, як Facebook і Twitter. Але ім удалося пагаварыць з цэнзарамі адносна нядаўна створанай у Лёс Анджэлесе кампаніі мабільнай сувязі Whisper, якая дазваляе карыстальнікам ананімна загружаць фоткі ды дзяліцца сваімі сакрэтнымі думкамі і пажаданьнямі онлайн.

Аказваецца, шмат мадэратараў зьместу амэрыканскія сацыяльныя сеткі рэкрутуюць за мяжою, з увагі на нізкія кошты ўтрыманьня такой працоўнай сілы. Кампанія Whisper карыстаецца паслугамі філіпінцаў. «Цэнзарскае бюро» кампаніі на момант журналісцкага досьледу знаходзілася ў гарадку Бакур, кілямэтраў за дваццаць ад сталіцы Філіпінаў, Манілы.

Журналіст Wired меў нагоду паназіраць, як працуе 21-гадовы Майкл Бабаян, які за сваю мадэрацыю зьместу зарабляе 500 даляраў на месяц. Бабаян працуе ў рэжыме «актыўнай мадэрацыі», то бок, ён пераглядае пасты перад іх публікацыяй на сайце і вырашае, які зь іх зьнішчыць, а які паставіць. Шмат якія сацсеткі выкарыстоўваюць «постмадэрацыю», то бок, выдаляюць зьмест пасьля таго, як атрымаюць скаргі ад карыстальнікаў.

Wired піша:

«Мадэратары пераглядаюць сырую падачу паведамленьняў на сетку Whisper у рэжыме рэальнага часу. Вырваныя з кантэксту пасты чытаюцца як сабраныя цікі чалавека, які пакутуе ад сындрому Турэта. Хачу паабшчацца зь нейкай бісэксуальнай цёлкай зь Нью-Ёрку. Або: Я ненавіджу ірляндзкі акцэнт! Або: Я трахнулася з айчымам і шантажом прымусіла яго купіць мне аўтамашыну.

Сьпіс катэгорый на дошцы нагадвае працаўнікам, на што яны палююць: парнаграфія, крывавыя сцэны, непаўналетнія, сэксуальныя дамаганьні, сэксуальныя часткі цела, сэксуальныя малюнкі, расізм. Калі Бабаян бачыць патэнцыяльнае парушэньне, ён засяроджвае сваю ўвагу на ім, каб упэўніцца, потым сьцірае пост з акаўнту карыстальніка і зь сеткі — і вяртаецца назад у паведамленьні. На працягу 25 хвілінаў Бабаян ліквідаваў ўражальную колькасьць карцінак з чэлесамі, фотак стрынгаў і экзатычных аб’ектаў, устаўленых у розныя часткі цела, расісцкіх насьмешак і просьбаў пазаймацца аральным сэксам».

Паводле Wired, амэрыканец — з увагі на сваю адукацыю і ўкараненьне ў амэрыканскай культуры — у змозе за гадзіну перагледзець і ацаніць на прадмет іх публікацыі столькі пастоў, на якія ў філіпінца сыходзіць увесь дзень. Тым ня менш у ЗША знаходзіцца няшмат ахвотных працаваць мадэратарамі зьместу сацыяльных сетак, ня толькі з прычыны нізкай аплаты такой працы.

Адзін з такіх былых і кароткатэрміновых амэрыканскіх мадэратараў, па мянушцы Роб, патлумачыў часопісу Wired, чаму.

Некалькі месяцаў перагляду жорсткіх матэрыялаў не прайшло бясьследна. Найгоршая была кроў: жорсткія вулічныя баі, катаваньні жывёлаў, выбухі тэрарыстаў-сьмяротнікаў, абезгалоўліваньне і жахлівыя дарожна-транспартныя здарэньні. Арабская вясна была ў поўным разгары, і актывісты выкарыстоўвалі YouTube, каб паказаць сьвету ўрадавую рэакцыю на яе. Мадэратарам загадалі пакідаць такія відэаролікі, якія «заслугоўвалі асьвятленьня», з папярэджаньнем аб іх жорсткасьці, нават калі яны парушылі прынцыпы разьмяшчэньня кантэнту. Але буйныя пляны трупаў і вулічных баёў аказаліся звыш псыхічнай вытрымкі Роба і яго калегаў. Падобнае ўражаньне пакідалі відэа, якія дакумэнтавалі нейчыя пакуты толькі дзеля таго, каб выклікаць хворую сэнсацыю.

«Што тычыцца відэаролікаў з жорсткім абыходжаньнем з жывёламі, найчасьцей загружалі іх тыя, хто сам мучыў зьвяроў. Яны ганарыліся гэтым, — кажа Роб. — У такіх матэрыялах вы бачыце значна цямнейшы бок чалавецтва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG