Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ва Ўкраіне: лідэры і аўтсайдэры


Ва Ўкраіне апублікаваныя апошнія перад нядзельнымі парлямэнцкімі выбарамі сацыялягічныя апытаньні.

Вынікі апытаньня грамадзкай думкі сьведчаць, што ў Вярхоўную Раду восьмага скліканьня могуць прайсьці сем партыяў, у тым ліку апазыцыйныя.

Лідэрам перадвыбарнай гонкі па-ранейшаму зьяўляецца прэзыдэнцкі «Блёк Пятра Парашэнкі». Разам зь ім, як паказваюць апытаньні грамадзкай думкі, у парлямэнт упэўнена трапляюць «Народны фронт» на чале з прэм’ер-міністрам Арсенем Яцанюком, «Радыкальная партыя» Алега Ляшко, «Самадапамога» мэра Львова Андрэя Садовага і «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнка. Усталяваны пяціпрацэнтны бар’ер, паводле дадзеных сацыёлягаў, змогуць пераадолець «Моцная Ўкраіна» і «Апазыцыйны блёк». У абедзьве гэтыя палітычныя сілы ўвайшлі многія паплечнікі экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча, які цяпер хаваецца ад украінскага правасудзьдзя ў Расеі, былыя сябры Партыі рэгіёнаў. Перадвыбарчы сьпіс «Апазыцыйнага блёка» ўзначальвае былы міністар энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Юры Бойка, а сьпіс «Моцнай Украіны» — лідэр партыі, былы віцэ-прэм’ер Сяргей Цігіпка.

Блёк Пятра Парашэнкі
Блёк Пятра Парашэнкі

— Апошнія сацыялягічныя дасьледаваньні дэманструюць розныя паказчыкі і ў «Апазыцыйнага блёка», і ў «Моцнай Украіны» адносна магчымасьці пераадоленьня імі пяціпрацэнтнага бар’ера. Рост іх рэйтынгу абумоўлены бязьдзеяньнем улады, расчараваньнем грамадзянаў. Калі яшчэ месяц таму ў нас было да 45% выбаршчыкаў, якія ня вызначыліся са сваім выбарам, то сёньня такіх ня менш за 15%. Тыя, хто доўга ня можа зрабіць выбар, як правіла, пасьля галасуюць не за кандыдатаў у дэпутаты і партыі, якія прадстаўляюць уладу. І ў сувязі з гэтым агрэсіўная кампанія, як з боку «Моцнай Украіны», так і «Апазыцыйнага блёка», безумоўна, дае вынік на фоне памылак улады, дае надзею гэтым двум апазыцыйным партыям на праходжаньне ў парлямэнт», — лічыць кіраўнік Агенцтва мадэляваньня сытуацыяў Віталь Бала.

Рэйтынгі і «Моцнай Украіны», і «Апазыцыйнага блёка» пачалі прыкметна расьці літаральна ў апошнія тыдні перад выбарамі. Вось як гэта тлумачыць экспэрт рэклямнага рынку Арцём Бідэнка:

— Рост папулярнасьці зьвязаны з масавай папулісцкай рэклямай. У яе аснове словы і фразы, якія падабаюцца насельніцтву, асабліва грамадзянам, якія жывуць за мяжой беднасьці. Варта разумець, што на Майдане былі прадстаўленыя ня ўсе пласты ўкраінскага грамадзтва, а толькі тыя, каго прынята называць крэатыўным клясам і, натуральна, застаецца значная частка насельніцтва, якое жыве ад заробку да заробку, ня мае вышэйшай адукацыі — і такія людзі вераць рэкляме, якая абяцае забясьпечыць усіх кватэрамі, дзяцей уладкаваць у лепшыя школы і г. д. і сваёй рэклямай «Моцная Ўкраіна» і «Апазыцыйны блёк», па сутнасьці, падманваюць выбаршчыкаў і марнуюць на гэта велізарныя грошы. Асноўны іх электарат — гэта жыхары ўсходніх і паўднёвых рэгіёнаў Украіны.

У адрозьненьне ад гэтых двух палітычных сілаў, шанцы на пераадоленьне пяціпрацэнтнага бар’ера ў камуністаў, якія ўваходзілі раней у парлямэнцкую кааліцыю з кіруючай Партыяй рэгіёнаў, экспэрты ацэньваюць як мінімальныя, адзначае палітоляг Аляксандар Палій:

— Камуністы канчаткова сябе дыскрэдытавалі. Заяўлялі пры Януковічу, што вядуць барацьбу з антынародным рэжымам, і пры гэтым уваходзілі ў прапрэзыдэнцкую парлямэнцкую большасьць. Да таго ж у нас няма такой вялікай колькасьці прарасейскага электарату яшчэ і для Кампартыі.

Экс-дарадца расейскага прэзыдэнта Андрэй Іларыёнаў нядаўна заявіў у інтэрвію «Голасу Амэрыкі», што Уладзімер Пуцін паставіў задачу свайму атачэньню стварыць максымальна вялікую групу дэпутатаў у новай Радзе, якая б змагла блякаваць працу ўкраінскага парлямэнта. Сярод кандыдатаў у дэпутаты, паводле словаў Іларыёнава, ёсьць нямала пракрамлёўскіх «цітушак», у тым ліку і ў складзе дэмакратычных сілаў. Але дырэктар Інстытута глябальных стратэгіяў Вадзім Карасёў лічыць, што адразу пасьля выбараў стварэньне ў Вярхоўнай Радзе восьмага скліканьня вялікай групы прарасейскіх дэпутатаў малаверагоднае:

— Кіеў — антыпуцінскі горад, таму разьлічваць, што тут легальна будзе працаваць нейкае пракрамлёўскае лобі, недальнабачна з аналітычнага пункту гледжаньня. І мас-мэдыі, і грамадзкая думка, і грамадзянская супольнасьць настроены вельмі патрыятычна, і любы акт непатрыятызму атрымае публічны розгалас і можа сумна скончыцца для палітычнай кар’еры такога лабіста. Таму я ня веру ў такія сцэнары і мяркую, што Крэмль абярэ менш публічныя спосабы ўплыву на ўкраінскую палітыку. Прынамсі, пакуль фракцыю пракрамлёўскіх «цітушак» у Радзе стварыць ня ўдасца, можа, гэта будзе ў будучыні, калі зьявяцца спрыяльныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы, якія рэзка пахіснуць сытуацыю ў іншы бок.

Пакуль жа большасьць экспэртаў прагназуюць фарміраваньне праэўрапейскай кааліцыі ў новым ўкраінскім парлямэнце:

— Нават калі такая кааліцыя ня будзе створаная, колькасьць дэпутатаў, якія будуць арыентаваныя на Эўропу, на ўступленьне Ўкраіны ў ЭЗ, — думаю, што іх будзе больш за 300, гэта значыць больш, чым канстытуцыйная большасьць Вярхоўнай Рады. І гэта адзін з галоўных аргумэнтаў, дзеля якога і варта было праводзіць гэтыя датэрміновыя выбары, — перакананы кіраўнік Агенцтва мадэляваньня сытуацыяў Віталь Бала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG