Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дурні і дарогі вінаватыя ў катастрофе ў «Унукава» ,— Іваноў


Новыя падрабязнасьці авіякатастрофы ў маскоўскім аэрапорце «Ўнукава».

Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Іваноў пракамэнтаваў авіякатастрофу ў аэрапорце «Ўнукава», у якой загінуў кіраўнік кампаніі Total Крыстоф дэ Маржэры:

«Дарогі — гэта адвечная праблема Расеі, так ужо павялося, разам зь іншай вядомай праблемай, зь якой мы нядаўна сутыкнуліся ва «Ўнукава», — сказаў Іваноў журналістам у кулюарах Валдайскага форуму. Ён меў на ўвазе выслоўе пра дзьве праблемы Расеі: дурні і дарогі.

Тым часам сталі вядомыя новыя падрабязнасьці катастрофы.

Цяпер вядома, што на шляху самалёта кіраўніка Total апынуліся два сьнегаўборшчыкі.

У момант вылету самалёта прэзыдэнта кампаніі Total па ўзьлётна-пасадачнай паласе Ўнукава бескантрольна ехалі дзьве сьнегаўборачныя машыны, паведамляе «Коммерсант» па выніках палявога этапу расьсьледаваньня Міжнароднага авіяцыйнага камітэта (МАК).

Паводле слоў кіраўніка адмысловай камісіі МАК Аляксея Марозава, на той момант, калі дыспэтчары далі дазвол на ўзьлёт, узьлётна-пасадачная паласа была свабодная. Але ўжо празь 10 сэкундаў сыстэма кантролю зафіксавала рух сьнегаўборачнай машыны да месца ўзьлёту «Фалькона». Яшчэ праз 14 сэкундаў адбылося сутыкненьне. У МАК падкрэсьлілі, што дыспэтчару запытаў на перасячэньне паласы спэцтэхнікай не паступала.

Паводле інфармацыі газэты, дыспэтчары ведалі пра тое, што на суседняй узьлётна-пасадачнай паласе працуюць сьнегаўборачныя машыны. Іх кіроўцы знайшлі побач з паласой некалькі няспраўных сыгнальных ліхтароў і вырашылі адвезьці іх электрыкам. Вяртаючыся назад, сьнегаўборшчыкі перасеклі ўзьлётна-пасадачную паласу, на якой у гэты момант узьлятаў «Фалькон». Адна з машынаў пасьпела вызваліць паласу наўпрост перад самалётам, які набіраў разгон, другую бізнэс-джэт зачапіў крылом, загарэўся і ўпаў. Загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку кіраўнік Total Крыстаф дэ Маржэры.

Кіраўнік кампаніі Total Крыстоф дэ Маржэры
Кіраўнік кампаніі Total Крыстоф дэ Маржэры

Па факце авіякатастрофы, якая адбылася ў ноч на аўторак, у Расеі распачатая справа аб парушэньні правілаў бясьпекі руху і эксплюатацыі судна паветранага транспарту, у Францыі — аб ненаўмысным забойстве. Затрыманыя пяць чалавек. Аднаго зь іх — кіроўцу сьнегаўборачнай машыны Ўладзімера Мартыненка ўчора арыштавалі.

У сувязі з трагедыяй свае пасады пакінулі гендырэктар Унукава Андрэй Дзьякаў і яго намесьнік Сяргей Сонцаў. Ад сваіх абавязкаў таксама адхіленыя зьменны дырэктар аэрапорта, начальнік аддзяленьня эксплюатацыі аэрадрома і вядучы інжынэр-кіраўнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG